Чадны газ, або CO, з’яўляецца прадуктам рэакцыі акіслення рэчываў пры высокіх тэмпературах, ён утвараецца ў працэсе гарэння.
Атручэнне чадным газам часцей за ўсё адбываецца ў наступных выпадках: няправільная эксплуатацыя або няспраўнасць пячнога абсталявання, газавых ацяпляльных і воданагравальных прыбораў; знаходжанне ў невентылюемым замкнёным памяшканні пры ўключаным аўтамабільным рухавіку; пажар, тленне электраправодкі, бытавых прыбораў, дэталяў інтэр’еру і мэблі. CO заўсёды выдзяляецца ў невялікай колькасці ў час гатавання ежы. Аднак перавышэнне дапушчальнай нормы ўтрымання гэтага газу ў памяшканні можа негатыўна паўплываць на здароўе або нават прывесці да смяротнага зыходу.
Выявіць небяспечнае рэчыва ў паветры здольныя толькі спецыяльныя прыборы, бо чадны газ не мае ні паху, ні колеру. Трапляючы ў лёгкія, ён перашкаджае працэсу насычэння клетак крыві кіслародам і выклікае гіпаксію тканак арганізма.
Дэтэктары рэагуюць на змены канцэнтрацыі паветра і выдаюць сігнал пры ўцечцы чаднага газу. Важна ўсталёўваць дэтэктар у памяшканні, дзе стаяць прыборы, якія могуць стаць ачагом атручвання. Мантаж ажыццяўляецца згодна з рэкамендацыямі завода-вытворцы. Сярэдні кошт сігналізатараў складае каля 40 беларускіх рублёў.
Памятайце! Для папярэджання ўцечкі чаднага газу і выключэння яго адмоўнага ўздзеяння на арганізм чалавека, перш за ўсё, неабходна забяспечыць бяспечную эксплуатацыю бытавых газавых ацяпляльных прыбораў і апаратаў: павінен быць правільны адвод прадуктаў згарання і пастаянны паветраабмен у памяшканнях, дзе ўстаноўлены газавыя прыборы. Гэта ажыццяўляецца праз коміны і вентыляцыйныя каналы за кошт натуральнай цягі, стваранай рознасцю тэмператур вонкавага (халоднага) і нагрэтага паветра памяшкання.
Каб засцерагчы сябе і членаў сваёй сям’і ад атручвання чадным газам, заўсёды падтрымлівайце дымавыя і вентыляцыйныя каналы ў спраўным стане і ўсталюйце датчык чаднага газу.
Адміністрацыя Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння