Моладзевыя ідэі – на будучыню надзеі

Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

8 лютага ў Гродне пройдзе абласны этап рэспубліканскага моладзевага праекта ГА “БРСМ” “100 ідэй для Беларусі”.

У горадзе над Нёманам будзе прадстаўлены 31 праект, які выйшаў у фінал пасля занальных этапаў конкурсу. Гэта ідэі школьнікаў, студэнтаў і працоўнай моладзі ў аграрнай, прамысловай, сацыяльнай сферы і нават сферы высокіх тэхналогій.

Пазнаёміцца ​​з праектамі і іх аўтарамі можна будзе на абласной выставе-прэзентацыі, якую прыме Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Па выніках сустрэчы будуць вызначаны пераможцы, якія прадставяць свае напрацоўкі на рэспубліканскім фінале конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.

Наш раён на абласным этапе будуць прадстаўляць трое маладых людзей. Напярэдадні паездкі цікава было даведацца, з якім настроем яны едуць у Гродна.

Навучэнка сярэдняй школы №1 горада Дзятлава Яна Касцюкевіч (кіраўнік праекта настаўніца Ірына Дарафейчык) будзе прадстаўляць “ЭнергаІнтэлект”. Гэта складаная настольная гульня, скіраваная на развіццё ўменняў і навыкаў эканомных і беражлівых адносінаў да энергетычных рэсурсаў і прыроды. Гульнявое поле “ЭнергаІнтэлекта” – карта Гродзенскай вобласці з нанесенымі на яе раёнамі, прадпрыемствамі, прыватнымі фірмамі, установамі. Ігракам выдаюцца карткі, фішкі цяпла, святла, альтэрнатыўных крыніцаў энергіі, эка- і энергазначкі, гульнёвыя грашовыя адзінкі. На старце яны атрымліваюць пачатковыя актывы, і толькі разумнае распараджэнне імі, прыняцце правільных стратэгічных і фінансавых рашэнняў на працягу гульні дапаможа “не прагарэць”, праходзячы яе фазы, а, магчыма, і выйграць напрыканцы.

– Энергазберажэнне і экалогія – праблемы важныя для кожнага чалавека, і як іх вырашаць, трэба вучыцца з дзяцінства, – упэўнена Яна Касцюкевіч. – Наша гульня дапамагае пагрузіцца ў жыццё з яго паўсядзённымі патрабаваннямі, прайсці шлях ад пакупкі энергаэфектыўных і бяспечных бытавых прыбораў, накшталт пыласоса ці камп’ютара, да кіраўніцтва адным з прадпрыемстваў вобласці. Падобныя “трэнінгі” карысныя і падрастаючаму пакаленню, і дарослым. Нават за адзін тур гульні можна актуалізаваць ці папоўніць веды па экалогіі і энергазберажэнні. Калі запусціць “ЭнергаІнтэлект” у тыраж, у яго можна будзе гуляць цэлай сям’ёй. Мяркую, наш праект зацікавіць абласны экспертны савет, і гульню падтрымаюць, таму еду на конкурс з аптымізмам.

Навучэнцы Наваельнянскай сярэдняй школы займаюцца пад кіраўніцтвам педагога Валерыя Нагорнага і кіраўніка народнага гісторыка-краязнаўчага школьнага музея “Дзеці ліхалецця” Тамары Крывені. У Гродне яны прадставяць два свае віртуальныя праекты. Яўген Анушкевіч закліча ўдзельнікаў абласнога этапу конкурсу ў “Віртуальны 3D музей” па матэрыялах, сабраных у школьным музеі “Дзеці ліхалецця”. У аснове праекта рэальны гістарычны факт: 17 чэрвеня 1941 года ў Наваельні быў арганізаваны інтэрнацыянальны піянерскі лагер. Сюды накіравалі дзяцей палітэмігрантаў. Пачалася вайна. Дзеці аказаліся на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі. Пра іх лёсы расказваюць школьны і віртуальны музеі.

– З 5 класа я ўдзельнічаю ва ўсіх мерапрыемствах, якія ладзяцца ў школьным музеі, – расказвае Яўген Анушкевіч. – У 2018 годзе мы з Тамарай Уладзіміраўнай вырашылі стварыць віртуальны музей. Спачатку прадставілі панараму на раённым конкурсе “Свет школьных музеяў”, дзе сталі пераможцамі. Вырашылі развіваць праект далей. Цяпер, акрамя панарамы, у нашым віртуальным музеі ёсць відэаролікі, відэаэкскурсіі на англійскай мове, апісваюцца ўсе раздзелы экспазіцыі, можна набліжаць выяву і чытаць, пра што расказвае тая ці іншая экспазіцыя. Вядзём распрацоўку ўбудаваных у віртуальную прастору 3D-аб’ектаў, якія, разглядаючы, можна паварочваць на 360 градусаў. Таксама ў віртуальным музеі ёсць экспазіцыя, прымеркаваная да Года малой радзімы і відэаролік пра гісторыю Наваельні. Праект актуальны тым, што, не выходзячы з дома, можна наведаць музей “Дзеці ліхалецця” з любой кропкі зямнога шара. Таму на абласны этап конкурсу “100 ідэй для Беларусі” мы едзем з баявым настроем.

Віртуальную гульню “Принявшая удар” прадставіць навучэнец Наваельнянскай сярэдняй школы Ягор Сокал. У аснове сюжэта гульні  – падзеі, якія адбываліся ў чэрвені 1941 года пры абароне Брэсцкай крэпасці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Разам з героем іграку давядзецца прайсці ўсю абарону Брэсцкай крэпасці ад першага да апошняга дня, пабываць у гістарычных месцах, знайсці шэраг прадметаў і даведацца больш пра Вялікую Айчынную вайну з гістарычнай даведкі гульні.

– Яшчэ з 8 класа займаюся распрацоўкай камп’ютарных гульняў патрыятычнай накіраванасці. Чаму выбраў ваенную тэматыку, цяпер і не памятаю, – прызнаецца Ягор Сокал, – аднак дакладна магу сказаць, што сваёй глыбінёй яна прываблівае многіх. Як выпускнік, у гэтым навучальным годзе хацеў зрабіць нешта маштабнае, таму ў аснову гульні паклаў падзеі, што разгортваліся ў Брэсцкай крэпасці. Яна першая прыняла ўдар ворага. Гэта легендарнае месца, пра якое захавалася шмат гістарычнай інфармацыі. За час работы над праектамі патрыятычнай накіраванасці я атрымаў багаты вопыт, якім скарыстаюся ў дарослым жыцці. Мяне радуе, што яшчэ ў школе змог заняцца карыснай дзейнасцю, пачаў распрацоўку праектаў, над якімі найчасцей працуюць спецыялізаваныя кампаніі і карпарацыі. На абласны фінал настроены пазітыўна, бо пасля занальнага этапу ў Карэлічах прайшло даволі шмат часу, за які я паспеў удасканаліць сваю гульню, узбагаціць яе новымі ідэямі, чым і збіраюся здзіўляць экспертны савет.

Ірына СТЫРНІК  



Теги: