Градкі як па фэн-шую і сіла вады

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Вясна не за гарамі, і мы прадаўжаем назапашваць веды аб арганічным земляробстве, якімі шчодра дзеліцца жыхар аграгарадка Хвінявічы, пенсіянер, аграном са шматгадовым стажам Вацлаў Залеўскі.

На гэты раз Вацлаў Браніслававіч згадзіўся расказаць, як змагаўся з засухай 2018 года і што для гэтага выкарыстоўваў.

“Качаем” вільгаць без помпы

– Пераход на сяўбу міжраддзяў з 45 сантыметраў да 30 дазволіў шчыльней засеяць грады, гэта значыць інтэнсіўна выкарыстоўваць пасяўную плошчу, – дзеліцца субяседнік. – Пры гэтым радкі агародніны хутчэй стульваюцца, ствараючы больш спрыяльныя ўмовы для дзейнасці аэробных мікраарганізмаў. Частыя рыхленні глебы на невялікую (3-5 см) глыбіню – гэта таксама своеасаблівы “сухі” паліў у засушлівы перыяд. Пры севааброце культур абавязкова ўлічваю сумяшчальнасць суседства агародніны як самы просты спосаб самаабароны раслінаў ад шкоднікаў і хваробаў.

Апошнія два засушлівыя гады пацвердзілі высокую эфектыўнасць вільгацезараднага паліву для агуркоў, таматаў, капусты. Для гэтага ручным акучнікам у міжрадзях наразаю разоры глыбінёй да 20 сантыметраў з перамычкамі для затрымання вады, куды заліваю цёплую ваду і амаль адразу закрываю яе глебай. Пры такім паліве расход вады значна меншы, хапае яго на 8-10 дзён. Агуркі, палітыя такім спосабам у фазе 3-х лістоў, раслі без паверхневага паліву да стульвання міжраддзяў, пры гэтым хутчэй зацвілі, раней далі ўраджай. Такі ж эфект атрымаўся на таматах. Заадно ўдалося зэканоміць сродкі і час.

Дастойна ўвагі выкарыстаная мной тэхналогія пасадкі капусты ў канцы мая-пачатку чэрвеня пры 30-градуснай тэмпературы паветра. У загадзя нарэзаных барознах па схеме 70:50 рабілі даволі глыбокія лункі. У дзень пасадкі самым ранкам і прыкладна за дзве гадзіны да захаду сонца залілі ў іх па літры вады. Адразу на трох радках пасадзілі капусту, зноў яе палілі. Затым паставілі металічныя дугі і накрылі граду спанбондам, каб зацяніць расліны. Праз трое сутак такім жа спосабам пасадзілі побач яшчэ два радкі. Вечарам палілі пасаджаную раней капусту, а раніцай злёгку парыхлілі глебу вакол кожнай расліны. Праз тыдзень мы з жонкай дакладна ўпэўніліся, што з 175 саджанцаў загінулі 8, або 4,5%. Двухразовы вільгацезарадны паліў і зацяненне зрабілі сваю добрую справу.

Рахункуючы работу па барацьбе з засухай у 2018 годзе, я ўзгадаў аб артыкуле “Сакрэт поспеху – у бактэрыях” з дадатка “Каласок” Сельскай газеты, дзе амерыканскі фермер Джон Джэванс дзеліцца сваімі назіраннямі: “Калі пад корань расліны на глыбіню 15-20 сантыметраў увесці невялікую колькасць вады, яна справакуе пад’ём вільгаці з глыбіні зямлі. Такім чынам, практычна адпадзе патрэба ў паверхневым паліве – дастатковую колькасць вільгаці расліны атрымаюць з нетраў і ад прыкаранёвага паліву”. Калі меркаваць, што мой метад вільгацезараднага паліву спрацаваў па тым жа прынцыпе, то ў далейшым эксперымент дастойны больш дэталёвай праверкі.

Ірына КАЎКЕЛЬ