Нямала вады сплыло з таго часу, калі скончылася вайна ў Афганістане. Праз гэтыя выпрабаванні прайшлі тысячы савецкіх салдат і афіцэраў. Сярод іх – наш зямляк Аляксандр Шылаў.
Ён нарадзіўся 22 мая 1962 года ў Наваельні. Маці, Вера Сцяпанаўна – апаратчыца на камбінаце хлебапрадуктаў, бацька, Сяргей Іванавіч – рабочы на экспартна-сартавальнай льнобазе. Хлопчык для іх быў першынцам, з’яўлення якога вельмі чакалі.
Там жа, у Наваельні, Саша пайшоў у школу і ўжо з шостага класа на летніх канікулах працаваў на будоўлі, самастойна зарабляў сабе на ўласныя рэчы і дапамагаў бацькам. Упэўніўшыся ў сваёй самастойнасці, паступіў у Навагрудскае вучылішча, пасля заканчэння працаваў у калгасе “Беларусь” і на тым жа камбінаце хлебапрадуктаў, што і маці.
Восень 1980 года змяніла жыццё маладога чалавека. Яго прызвалі ў Савецкую армію, і ўжо тады ішла вайна ў Афганістане, куды пасля трапіў хлопец. Малодшы сяржант Шылаў не выхваляўся сваімі чалавечымі якасцямі перад роднымі і сябрамі, але вылучаўся добрымі дзеяннямі.
Тыя, хто служыў разам з Аляксандрам, адзначалі яго як надзейнага і добрасумленнага салдата, але лёс за гэта яго не ўзнагародзіў.
У Афганскай правінцыі Герат хлопец быў цяжка паранены і ад гэтага памёр праз дзень у шпіталі. Яго не стала 19 сакавіка 1982 года. Пасмяротна Аляксандр Шылаў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
Юлія БАКУНОВІЧ