Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна арганізаваў паездку ў Слонім, у 11-ую гвардзейскую асобную механізаваную брыгаду.
Там мы сустрэліся з жыхарамі нашага раёна, якія праходзяць тэрміновую ваенную службу. Юнакі расказалі пра свае вайсковыя будні і павіншавалі са святам тых, хто ў страі.
Аляксей Шмыгін, малодшы сяржант разведвальнага батальёна:
– Служу 15 месяцаў. У Наваельні чакаюць бацькі, сястра, старэйшы брат. Ён таксама служыў у Слоніме, але пра армію мне больш расказваў бацька. Пераважна ўсё, што ад яго пачуў, пацвердзілася. За час, праведзены на службе, я стаў больш загартаваным фізічна, праявіліся лідарскія якасці, якія заўважылі камандзіры: вось ужо паўгода я сяржант. Паспяхова служыць дапамагаюць стойкасць і трываласць, фізічная падрыхтоўка (раней займаўся бегам). Юнакам, якім хутка прыйдзе час ісці ў армію, хачу параіць, каб не баяліся службы. Паўтара года ў войску – не згублены час, а магчымасць пераасэнсаваць многае. Тут пачынаеш цаніць тое, на што раней мог не звяртаць увагі. Усім, хто сустракае Дзень абаронцаў Айчыны ў страі, жадаю быць вынослівымі, не схіляцца перад цяжкасцямі, салдаты – гэта прыклад для моладзі.
Аляксей Сіняк, радавы зенітнага ракетна-артылерыйскага дывізіёна:
– Мой “службовы стаж” усяго два з паловай месяцы, тым не менш, ужо пройдзены курс маладога байца, звыклымі сталі салдацкія будні. Безумоўна, спачатку адчуваўся пэўны дыскамфорт з-за строгіх кантролю і дысцыпліны, але да ўсяго хутка прывыкаеш. Фізічна мне складана не было, бо са школы сябрую са спортам.
У вёсцы Дзянісава мяне чакаюць бацькі і дзве сястры. Пра армію мне шмат расказваў бацька, але я зрабіў для сябе выснову, што за мінулыя гады салдацкі быт значна палепшыўся. Служыць мне падабаецца, ды і ў войска я сам імкнуўся пайсці, каб стаць больш самастойным, ацаніць сябе і ўласныя магчымасці, нешта памяняць у характары. Нават за кароткі час службы я стаў больш пунктуальным і адказным за словы і ўчынкі. Хлопцам, якія не былі ў войску, раю не баяцца арміі, а прыходзіць сюды, каб выхаваць у сабе лепшыя чалавечыя якасці. Армейцам да свята жадаю плённай службы, надзейных баявых таварышаў, стойкасці ва ўсіх выпрабаваннях і каб дома чакалі.
Дзмітрый Сапко, радавы разведвацельнага батальёна:
– Прайшло ўсяго тры месяцы маёй службы, аднак я паспеў “падцягнуць” фізічную падрыхтоўку. Мне тут цікава, удасканальваю навыкі па спецыяльнасці, бо я тэхнік і чатыры месяцы да арміі паспеў адпрацаваць на Слонімскім мясакамбінаце. Пасля праходжання службы збіраюся працаваць у міліцыі.
На Дзятлаўшчыне, у аграгарадку Дварэц, мяне чакаюць бацькі, двое братоў, дзяўчына. Мне армія дапамагае станавіцца больш дысцыплінаваным, упартым, дае веру ў сябе, у будучыню. Юнакам прызыўнога ўзросту я з упэўненасцю магу сказаць, што яны павінны служыць, адпрацоўваць прафесійныя навыкі, загартоўваць характар.
Адметна, што 23 лютага ў мяне двайное свята: у гэты дзень мая любімая матуля Валянціна Мікалаеўна адзначае свой дзень нараджэння. Жадаю ёй кахання, жыццёвых поспехаў, дабрабыту, каб менш хвалявалася. Хлопцам, якія ў страі – выдатнай службы і здаровымі вярнуцца дахаты.
Міхаіл Калодка, радавы рамонтнай роты:
– Адслужыў тры месяцы, прайшоў курс маладога байца, многаму навучыўся. Па спецыяльнасці я аўтамеханік, да службы паўгода працаваў вадзіцелем у ААТ “Граніт-Агра”, тут таксама выкарыстоўваю і ўдасканальваю прафесійныя навыкі, рамантуючы аўтатэхніку. У родных Таркачах мяне чакаюць бацькі, дзве сястрычкі, бабуля. У арміі мне падабаецца: служба дысцыплінуе, загартоўвае фізічна, дапамагае набыць шмат новых навыкаў. Кепскага тут нічога няма, а да рэжыму хутка прызвычайваешся і перастаеш яго заўважаць. Служыць мне хацелася, бо шмат чуў пра армію ад таты і дваюраднага брата, у асноўным усё так і ёсць на справе. Юнакам таксама раю не баяцца службы – кепскаму тут не навучаць. Абаронцам Айчыны жадаю поспехаў, самадысцыпліны, стойкасці і каб дахаты вярнуліся здаровыя.
Уладзіслаў Рыгаль, радавы асобнага механізаванага батальёна:
– За плячыма ўжо 15 месяцаў арміі. Тут мне падабаецца, гэта – школа жыцця. Я лепш стаў разумець, хто сапраўдны сябар, як вызначыць добрага чалавека, ува мне служба таксама выхоўвае чалавечнасць. У вёсцы Змяёўцы мяне чакаюць бацькі і старэйшы брат. На жаль, па стане здароўя ён не прызываўся, затое я змагу шмат цікавага расказаць пра свае службовыя будні. Упэўнены, армія дапамагае адточваць лепшыя якасці характару, адкрываць новае ў сабе. Юнакам прызыўнога ўзросту раю больш займацца спортам, быць сярод людзей, тады ў войску ім будзе значна лягчэй. Вайскоўцам да свята жадаю сілаў, поспехаў, лёгкай службы.
Гутарыла Ірына СТЫРНІК