У рамках Года малой радзімы ў педагогаў сярэдняй школы №1 горада Дзятлава ўзнікла ідэя сабраць цікавыя матэрыялы аб родным горадзе і раёне.
У гэтым нас падтрымалі вучні. Была створана электронная гульня з элементамі даследавання “Зямля, дзе пачаўся твой лёс. Вандроўка са старым Дзятлам”. У ёй прынялі ўдзел 15 каманд навучальных установаў горада і раёна.
З 10 лістапада каманды пачалі падарожжа па дзятлаўскім краі. Яно доўжылася шэсць тыдняў. Кожную суботу ігракі збіраліся на новым прыпынку, каб выканаць чарговае заданне. Тут іх сустракаў стары і мудры Дзяцел, які запрашаў даведацца, “чым слаўны ў свеце родны край”, прапаноўваў заданні, звязаныя з мінулым і сучасным горада Дзятлава і Дзятлаўскага раёна.
Удзельнікі з розных школ Дзятлаўшчыны пазнаёміліся яшчэ на этапе рэгістрацыі, дзе камандам неабходна было запоўніць анкеты і ацаніць у балах свае веды аб малой радзіме, што давала магчымасць у канцы вандроўкі падводзіць вынікі набытых ведаў. На шасці прыпынках іх чакалі тры заданні, якія пасля выканання адсылаліся на праверку каардынатарам гульні, а балы на наступны дзень з’яўляліся ў агульнай для каманд табліцы. Прапаноўваліся розныя формы работы: віктарыны, крыжаванкі, інтэрактыўныя гульні, удзельнікі каманд рабілі запісы на анлайн-дошцы, меткі на гугл-карце, складалі турыстычныя маршруты, сінквейны, сумесныя прэзентацыі, пазлы, запаўнялі стужку часу. На кожным прыпынку была рубрыка “Цікава ведаць” з даведкамі, картамі, схемамі, відэаэкскурсіямі, відэастужкамі. Вучні пабылі ў далёкім мінулым (прыпынкі “Дзятлаўшчына на скрыжаванні стагоддзяў”, “Каменны летапіс”), сучасным (“Дзятлаўшчына сучасная”), узгадалі гады ваеннага ліхалецця (“І памятае свет выратаваны”), пазнаёміліся са знакамітымі землякамі (“Шчодрая талентамі зямля дзятлаўская”), узгадалі традыцыі і звычаі роднага краю (“Традыцыі роднага краю”). Пры выкананні заданняў была магчымасць карыстацца матэрыяламі школьнага музея, бібліятэкі, Інтэрнэтам.
27 снежня адбылася выніковая ўрачыстая сустрэча каманд-удзельніц, на якой успамінамі аб малой радзіме падзяліліся вядомыя землякі: былы дырэктар сярэдняй школы №1 горада Дзятлава В. Галаднова; краязнаўца, былы дырэктар Дзятлаўскага музея Ф. Красюк; паэтка Л. Нічыпар; старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, паэтка А. Абрамчык. У час свята ладзілі інтэлектуальны марафон, які вызначыў суперпераможцаў, падвялі вынікі аднаго з заданняў прыпынка “Дзятлаўшчына на скрыжаванні стагоддзяў”.
Хвалюючым момантам стала ўзнагароджанне па выніках вэб-квэста. У намінацыі “Пераможцы” абсалютным лідарам стала каманда “Новае пакаленне” Гезгалаўскай сярэдняй школы, першае месца заняла каманды “Вандроўнікі” Дварэцкай сярэдняй школы, другое – “Васількі” з Хвінявічаў, трэцяе падзялілі каманды “Мушкецёры” з Вензаўца і “Вясёлка” з Раготна. У намінацыі “Суперпераможца” інтэлектуальнага марафону вызначылася каманда “Васількі” (Хвінявічы). Лепшым сярод капітанаў стаў Павел Смірноў (каманда “Совы” сярэдняй школы №1 горада Дзятлава). Астатнія каманды атрымалі сертыфікаты ўдзельнікаў анлайн-гульні “Зямля, дзе пачаўся твой лёс. Вандроўка са старым Дзятлам”.
Аліна МАКАРЭВІЧ,
кіраўнік музея сярэдняй школы №1 горада Дзятлава