Зімовы патруль

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

19-20 студзеня 2019 года на Дзятлаўшчыне быў арганізаваны рэйд для маніторынгу аб’ектаў зімовага адпачынку і месцаў, забароненых для катання.

У склад рабочай групы ўваходзілі супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, удзельнікі моладзевага атрада аховы правапарадку, а таксама прадстаўнікі раённага камітэта ГА “БРСМ”.

Рэйдавая група спачатку праверыла стадыён “Колас”, дзе актыўна адпачываць і займацца зімовымі відамі спорту дазваляецца. Затым спецыялісты накіраваліся ў месцы, забароненыя для катання: пабылі на возеры за Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцай, праверылі горкі на вуліцах Навагрудскай і Кабяка райцэнтра, выехалі ў гарпасёлак Наваельня і аграгарадок Гезгалы. Спецыялістаў службаў прафілактыкі прыемна ўразіла адсутнасць парушальнікаў у час наведвання гэтых аб’ектаў. Адначасова на працягу рэйда вялася тлумачальная работа з насельніцтвам: людзям нагадвалі правілы бяспечных паводзінаў зімой, раздавалі наглядны матэрыял.

Падобныя рэйды плануецца праводзіць і надалей, іх арганізацыя будзе залежаць ад умоваў надвор’я.

Ірына СТЫРНІК