Вопытам прафсаюзнай работы падзяліліся ў ААТ “Граніт-Агра” (+відэа)

Важнае Грамадства Свежыя навіны

30 студзеня ў рамках рэспубліканскага прафсаюзнага семінара адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Граніт-Агра”.

У ёй  прынялі ўдзел старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, старшыні абласных, раённых, гарадскіх аб’яднанняў прафсаюзаў, кіраўнікі і спецыялісты рэспубліканскага, абласнога і раённага камітэтаў прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, прадстаўнікі раённай улады.

Былі заслуханы справаздачы аб рабоце прафсаюзнага камітэта і рэвізійнай камісіі за перыяд з кастрычніка 2014 года па студзень 2019 года. У справаздачным дакладзе старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Граніт-Агра” Алены Зенчык асноўная ўвага надавалася кантролю за выкананнем калектыўнага дагавора прадпрыемства, заканадаўства аб працы і ахове працы, аказанні канкрэтнай дапамогі членам прафсаюза, арганізацыі аздараўлення работнікаў і членаў іх сем’яў, фізкультурна-аздараўленчай і культурна-масавай працы. Варта адзначыць, што за справаздачны перыяд была праведзена значная работа па развіцці сацыяльнага партнёрства, павышэнні ролі прафсаюзнай арганізацыі на сельскагаспадарчым прадпрыемстве. Пастаянна ўдасканальваецца сістэма арганізацыі і аплаты працы, паляпшаецца прававое забеспячэнне працоўных адносін, атрымлівае далейшае развіццё сацыяльнае партнёрства. Замацаваны гарантыі дзейнасці прафсаюзнага камітэта і яго прафактыву.

У ходзе канферэнцыі прайшлі выбары старшыняў пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі і рэвізійнай камісіі, а таксама выбары дэлегатаў на IX справаздачна-выбарную канферэнцыю Дзятлаўскай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Урачыстае ўзнагароджанне прафсаюзнага актыву і лепшых работнікаў ААТ “Граніт-Агра” стала прыемным працягам канферэнцыі і яго фінальнай часткай. Парадавалі прысутных і выступленні артыстаў нашага раёна. Напрыканцы сустрэчы ўдзельнікі рэспубліканскага семінара абмеркавалі актуальныя пытанні і  падзяліліся вопытам работы.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ