Як падкрэсліў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка, гэта была планавая праверка работы мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, арганізацый раёна па выкананні заканадаўства. Штогод такія комплексныя праверачныя мерапрыемствы праводзяцца ў шасці раёнах вобласці.
Павышаная ўвага надавалася пытанням эфектыўнасці кантролю за выкарыстаннем бюджэтных сродкаў, рэалізацыі на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна дзяржаўных праграм і найважнейшых інвестпраектаў. На павышаным кантролі заўсёды была і застаецца работа са зваротамі грамадзян, пытанні эфектыўнага выкарыстання дзяржаўнай маёмасці, зямлі, прыродных рэсурсаў.
— Трэба сказаць, што глабальных парушэнняў не было выяўлена, — адзначыў Анатоль Дарожка і дадаў, што разам з тым ёсць шэраг пытанняў, якія абавязкова павінны быць вырашаны.
Увесь аналіз работы спецыялістаў Камітэта дзяржкантролю быў выкладзены ў дакладзе начальніка ўпраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Таццяны Слабыш.
Напрыканцы пасяджэння калегіі з удзелам кіраўнікоў органаў мясцовай улады, прадпрыемстваў, спецыялістаў аддзелаў, упраўленняў і службаў райвыканкама Анатоль Дарожка прапанаваў прыняць меры па ліквідацыі недахопаў, якія стрымліваюць далейшае развіццё раёна. Рашэнне гэтых пытанняў пакінута на кантролі Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці.