У сярэдняй школе №1 горада Дзятлава 28 студзеня для навучэнцаў выпускных класаў у рамках прафарыентацыйнай работы была арганізавана сустрэча з прадстаўнікамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі.
– “Я вырашыў стаць ваенным” – гэта першае, з чым вам трэба вызначыцца, а ўжо потым можна вызначаць канкрэтную сферу дзейнасці, – пачаў сваё выступленне намеснік начальніка ваеннага факультэта па ідэалагічнай рабоце Валерый Буцько.
Беларуская дзяржаўная акадэмія авіяцыі – адзіная навучальная ўстанова Рэспублікі Беларусь па падрыхтоўцы спецыялістаў грамадзянскай авіяцыі.
На ваенным факультэце рыхтуюць спецыялістаў для ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны. Навучанне складае 4 гады, а для паступлення неабходна здаць Цэнтралізаванае тэсціраванне па фізіцы, матэматыцы і рускай ці беларускай мовах на выбар. Таксама абітурыенту трэба прайсці медкамісію і прафадбор. Па выніках прафадбору высвятляецца, які склад розуму ў абітурыента – тэхнічны ці гуманітарны.
Асноўны каардынатар усіх дзеянняў абітурыента, які хоча стаць ваенным, — ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна. Менавіта туды да 1 красавіка трэба падаць заяву на паступленне. Як адзначаюць спецыялісты, лепш рабіць гэта як мага хутчэй, каб упэўніцца ў стане свайго здароўя, што з’яўляецца важным крытэрыем адбору. Калі абітурыенту яшчэ не споўнілася 18 гадоў, то прыйсці ў ваенны камісарыят трэба з адным з бацькоў, які таксама напіша заяву аб тым, што не супраць паступлення сына ў ваенную навучальную ўстанову.
Курсанты жывуць у блочных інтэрнатах па два ці тры чалавекі ў пакоі. Для хлопцаў створаны ўсе бытавыя ўмовы, таксама для іх арганізавана трохразовае харчаванне. У сярэднім курсант ваеннага факультэта атрымлівае 350 рублёў стыпендыі: гэтая лічба залежыць ад паспяховасці ў навучанні.
Падрыхтоўка па спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя сродкаў наземнага забеспячэння палётаў” уключае інжынерна-аэрадромны, электрагазавы, аўтатэхнічны напрамкі забеспячэння авіяцыі. Кожны курсант гэтай спецыяльнасці атрымлівае вадзіцельскія правы катэгорый “В” і “С”.
Падрыхтоўка кадравых афіцэраў з вышэйшай адукацыяй ажыццяўляецца па спецыяльнасці “Беспілотныя авіяцыйныя комплексы” па спецыялізацыях: “Тэхналагічная эксплуатацыя беспілотных авіяцыйных комплексаў” і “Тэхнічная эксплуатацыя беспілотных авіяцыйных комплексаў”. Пасля заканчэння навучальнай установы выпускнікі будуць праходзіць службу ва Узброеных Сілах на пасадах аператараў беспілотных лятальных апаратаў, аператараў мэтавай нагрузкі і спецыялістаў па тэхнічным абслугоўванні беспілотных авіяцыйных комплексаў.
Госці прадэманстравалі патэнцыйным абітурыентам вучэбныя беспілотныя комплексы, а напрыканцы мерапрыемства адказалі на пытанні школьнікаў.
Юлія БАКУНОВІЧ