Працаваць так, каб не было скаргаў

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Перад калектывам Дзятлаўскай ЦРБ 23 студзеня намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Ігар Кухарэвіч выступіў са справаздачай аб выніках работы райвыканкама па сацыяльнай накіраванасці за мінулы год.

Так, установамі сацыяльнай сферы за 2018 год выкананы ўсе асноўныя прагнозныя паказчыкі, па якіх наш раён выйшаў на абласны ўзровень. Сацыяльны стандарт у сферы медыцыны па бюджэтным забеспячэнні расходаў на ахову здароўя ў разліку на аднаго жыхара выкананы на 103%.

Для абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы бальніцы было закуплена 16 адзінак сучаснага медыцынскага абсталявання, што дазволіла значна павысіць якасць аказваемых пацыентам паслугаў.

У раёне, увогуле, вялікая ўвага надаецца дэмаграфічнай бяспецы.

Адной з ацэнак работы медкалектыву з’яўляецца колькасць зваротаў грамадзян.

Калі няма скаргаў, значыць, калектыў працуе стабільна, – сказаў Ігар Кухарэвіч.

Трэба адзначыць, што сярэднямесячная зарплата медыцынскіх работнікаў, у параўнанні з 2017 годам, стала вышэйшая.

Што тычыцца аддзела адукацыі райвыканкама, то там таксама выкананы ўсе мінімальныя сацыяльныя стандарты. Ва ўстановах адукацыі быў зроблены шэраг капітальных рамонтаў, сярод іх – капрамонт у Гезгалаўскай сярэдняй школе.

У раёне забяспечваецца стабільнасць асноўных паказчыкаў якасці агульнай сярэдняй адукацыі. Навучэнцы школ раёна годна выступілі на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах, а колькасць дыпломаў за ўдзел у творчых конкурсах павялічылася: на абласным узроўні дзятлаўскія школьнікі атрымалі 89 дыпломаў, на міжнародным – 4.

Музычная адукацыя ў раёне таксама займае адно з важных месцаў. Летась павялічылася выніковасць удзелаў у музычных конкурсах. Сярод навучэнцаў Дзятлаўскай школы мастацтваў ёсць стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Работнікі культуры сёлета імкнуліся дайсці да кожнага жыхара Дзятлаўшчыны. Святы завіталі ў аграгарадкі, дзякуючы раённаму праекту “Дбайных людзей славім – весела час бавім”. Папулярнасці праекту прыбавіла запрашэнне артыстаў з іншых раёнаў. Маштабнымі мерапрыемствамі таксама ў мінулым годзе сталі святкаванні 100-годдзя Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, 520-годдзя горада Дзятлава. Вядома, асаблівую папулярнасць мае фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”.

Прыярытэтным і адным са стратэгічных напрамкаў дзейнасці ўстановаў культуры раёна ў мінулым годзе з’яўлялася работа з людзьмі сталага ўзросту, актыўна вёўся валанцёрскі рух.

Перад намі стаяла задача, каб ні адзін пажылы чалавек, якому патрэбна дапамога, не быў абдзелены, – падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама.

Бібліятэчнае абслугоўванне раёна на добрым узроўні: дзейнічае дастатковая колькасць бібліятэк, якія абслугоўваюць каля 70 населеных пунктаў.

Задачы на 2019 год для раёна вызначаны шырокамаштабныя, але пры зладжанай рабоце ўсяго раённага комплексу з імі магчыма справіцца.

Напрыканцы сходу Ігар Кухарэвіч папрасіў прысутных быць больш уважлівымі да дзяцей, каб папярэдзіць траўматызм у зімовы перыяд.

Юлія БАКУНОВІЧ