Па выніках 2018 года ў раёне ўзрасла колькасць злачынстваў і правапарушэнняў, учыненых непаўналетнімі: 5 падлеткаў учынілі 7 злачынстваў (у 2017 годзе 3 падлеткі ўчынілі 4 злачынствы), сярод іх 4 непаўналетнія, якія ўчынілі злачынствы на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна, былі жыхарамі суседніх – Зэльвенскага, Мастоўскага, Навагрудскага, Слонімскага раёнаў.
Змянілася структура падлеткавых злачынстваў. Так, калі ў 2017 годзе ўчыняліся крадзяжы, то ў 2018 годзе былі зарэгістраваны хуліганства ў стане алкагольнага ап’янення, якое суправаджалася выкарыстаннем фізічнай сілы, а таксама ўгон падлеткам транспартнага сродка.
Значна ўзрасла колькасць правапарушэнняў, учыненых непаўналетнімі ў сувязі з парушэннем антыалкагольнага заканадаўства. За знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення і ўжыванне спіртных напояў у грамадскіх месцах былі затрыманы 29 падлеткаў.
Вострай застаецца праблема забеспячэння палавой недатыкальнасці непаўналетніх. У 2018 годзе ахвярамі падобных злачынстваў сталі 13 падлеткаў Дзятлаўскага раёна.
Абстаноўка, якая склалася ў раёне, патрабуе актывізацыі дзейнасці суб’ектаў прафілактыкі па папярэджанні безнагляднасці і правапарушэнняў у падлеткавым асяроддзі. У 2019 годзе неабходна прадоўжыць работу па ўдасканаленні прафілактычных мерапрыемстваў, арганізацыі карыснай занятасці падлеткаў у вольны час, часцей тлумачыць навучэнцам установаў адукацыі патрабаванні дзеючага заканадаўства.
Алег ВЯЛІЧКА,
пракурор Дзятлаўскага раёна