Адказвае начальнік групы прызыву на ваенную службу старшы лейтэнант Павел Бараноўскі:
– Спыніўшы свой выбар на Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, маладыя людзі пасля яе заканчэння атрымліваюць прэстыжную і запатрабаваную спецыяльнасць.
Цяпер Ваенная акадэмія з’яўляецца вядучым навучальным, метадычным і навуковым цэнтрам у сістэме адукацыі, які ажыццяўляе падрыхтоўку афіцэраў па больш чым 20 ваенных спецыяльнасцях.
Асноўнымі структурнымі падраздзяленнямі акадэміі з’яўляюцца адзінаццаць факультэтаў. Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь прапаноўвае навучыцца ваеннай справе па розных спецыяльнасцях, у ліку якіх: “Кіраванне мотастралковымі падраздзяленнямі”, “Кіраванне танкавымі падраздзяленнямі”, “Кіраванне падраздзяленнямі ракетых войск і артылерыі”, “Эксплуатацыя паветранага транспарту, кіраванне паветраным рухам”, “Кіраванне падраздзяленнямі ўнутраных войскаў” і іншыя.
Напрыклад, на агульнавайсковым факультэце вучаць на мотастралкоў, танкістаў, ваенных псіхолагаў, спецыялістаў тылавога забеспячэння і ідэалагічнай работы. На факультэце сувязі і аўтаматызаваных сістэмаў кіравання – на сувязістаў, спецыялістаў спецыялізаваных сістэмаў кіравання і апрацоўкі інфармацыі. На факультэце супрацьпаветранай абароны займаюцца будучыя афіцэры эксплуатацыі і абслугоўвання радыётэхнічных сістэмаў і ракетных комплексаў, якія знаходзяцца на ўзбраенні войскаў супрацьпаветранай абароны.
У час навучання курсанты знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні. Жывуць у добраўпарадкаваных казармах ці інтэрнатах, атрымліваюць рэчавае, харчовае і грашовае забеспячэнне. Пасля атрымання вышэйшай адукацыі ім гарантуюцца працаўладкаванне, дастойная аплата працы, сацыяльная абароненасць, магчымасць для прафесійнага і кар’ернага росту. Акрамя таго, у час навучання курсанты дадаткова праходзяць праграму падрыхтоўкі на вадзіцеля катэгорыі “С” з наступнай магчымасцю атрымання правоў на кіраванне транспартным сродкам.
Заняткі з курсантамі праводзяць высокакваліфікаваныя педагогі. За гады існавання ўстановы тут сфарміраваны багатыя бібліятэчныя фонды навучальнай і спецыяльнай літаратуры, завершана глабальная камп’ютарызацыя аўдыторый. Акцэнт робіцца на фізічную і агульнавайсковую падрыхтоўку.
Для паступлення ў Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь і іншыя ваенна-навучальныя ўстановы абітурыентам неабходна да 1 красавіка (пажадана ў студзені-лютым) звярнуцца ў ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна і прайсці адбор для вызначэння адпаведнасці патрабаванням, якія прад’яўлены да абітурыентаў.
Прафесійны адбор ажыццяўляецца па наступных паказчыках: прафесійна-псіхалагічны адбор, стан здароўя, фізічная падрыхтоўка і ўзровень агульнаадукацыйнай падрыхтоўкі. Прафесійны адбор абітурыентаў праводзіцца камісіямі ваенных камісарыятаў (ваеннай навучальнай установы) па прафесійным адборы кандыдатаў, склад і тэрміны працы якіх вызначаюцца Міністрам абароны.
Па пытаннях паступлення ў ваенна-навучальныя ўстановы звяртайцеся ў ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна ў кабінет №2 і па тэлефоне 2-11-61 у рабочыя дні з 8 да 17 гадзін.
Юлія БАКУНОВІЧ