Аб назначэнні пенсіі ў 2019 годзе

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Са студзеня 2017 года пачалося паэтапнае на паўгода ў год павышэнне агульнавызначанага пенсійнага ўзросту да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, жанчынамі – 58 гадоў.

Суразмерна павелічэнню агульнавызначанага пенсійнага ўзросту адбываецца павелічэнне ўзросту выхаду на датэрміновыя пенсіі па ўзросце і за выслугу гадоў.

У 2019 годзе правам на працоўную пенсію па ўзросце змогуць скарыстацца мужчыны, якія нарадзіліся ў першай палове 1958 года пры спаўненні 61,5 года і жанчыны, якія нарадзіліся ў першай палове 1963 года, пры спаўненні 56,5 года.

Аднак варта звярнуць увагу, што ўзрост выхаду на пенсію залежыць не толькі ад даты нараджэння, але і ад даты звароту па назначэнне пенсіі. Калі жанчына, якая нарадзілася ў снежні 1962 года, не звернецца па назначэнне пенсіі ў снежні 2018 года, а звернецца ў студзені 2019 года, то ўзрост яе выхаду на пенсію ў 2019 годзе будзе павялічаны яшчэ на паўгода.

Як абавязковая ўмова для рэалізацыі права на працоўную пенсію па ўзросце і за выслугу гадоў, акрамя дасягнення вызначанага ўзросту, патрабуецца наяўнасць страхавога стажу ўстаноўленай законам працягласці.

Пачынаючы са студзеня 2017 года, страхавы стаж, неабходны для назначэння працоўнай пенсіі, павялічваецца на паўгода ў год.

Калі ў 2017 годзе патрабавалася наяўнасць не менш за 16 гадоў стажу работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, у 2018 годзе – не менш за 16 гадоў 6 месяцаў страхавога стажу, то ў 2019 годзе патрабуецца не менш за 17 гадоў страхавога стажу.

Выключэнне складаюць шматдзетныя маці, якія нарадзілі 5 і больш дзяцей, маці ваеннаслужачых, смерць якіх звязана з выкананнем абавязкаў ваеннай службы, інваліды вайны, інваліды з дзяцінства, бацькі дзяцей-інвалідаў, ліліпуты і карлікі – гэтым катэгорыям грамадзян для рэалізацыі права на працоўную пенсію па ўзросце неабходна мець не менш за 5 гадоў страхавога стажу.

Акрамя таго, з 1 жніўня 2017 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 233 зніжана працягласць страхавога стажу да 10 гадоў для асобаў, якія доўгі час ажыццяўлялі сацыяльна значныя віды дзейнасці і па гэтай прычыне не змаглі сфарміраваць неабходны страхавой стаж, але пры гэтым маюць агульны стаж – мужчыны не менш за 40 гадоў і жанчыны не менш за 35 гадоў.

Пры такой жа працягласці страхавога стажу, 10 гадоў, і наяўнасці агульнага стажу ў мужчын 25 гадоў і 20 гадоў у жанчын пенсія па ўзросце назначаецца грамадзянам, якія доўгі час (не менш за 10 каляндарных гадоў без заліку ў гэты стаж часу знаходжання ў сацыяльным водпуску па доглядзе дзяцей) праходзілі ваенную службу, службу ў ваенізаваных арганізацыях і пры гэтым не набылі права на пенсію па нормах Закона Рэспублікі Беларусь “Аб пенсiйным забеспячэннi ваеннаслужачых, асобаў кіруючага і радавога саставу органаў унутраных спраў, Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертызаў Рэспублікі Беларусь, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сiтуацыях i органаў фiнансавых расследаванняў”.

Пры назначэнні пенсіі ў 2019 годзе заробак налічваецца за апошнія 25 гадоў перад назначэннем пенсіі (згодна з заканадаўствам, перыяд для налічэння індывідуальнага каэфіцыента заробку штогод павялічваецца на 1 год па фактычна наяўным стажы работы асобы, якая звярнулася па пенсію).

Алена НАВІЧЭНКАВА,
намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, начальнік аддзела пенсій і дапамогаў