Зімой часта бываюць рэзкія паніжэнні і значныя ваганні тэмпературы паветра на вуліцы, таму могуць абмярзаць агалоўкі дымавых каналаў для адводу прадуктаў згарання ад газавых праточных воданагравальнікаў, ацяпляльных катлоў і апаратаў. Неабходна пастаянна кантраляваць іх стан.
Заўсёды варта памятаць, што перад кожным выкарыстаннем газавага прыбора абавязкова трэба пераканацца ў наяўнасці ўстойлівай цягі коміна і вентыляцыйнага канала і толькі пасля гэтага прыступаць да распальвання газавыкарыстальнага абсталявання. Пры адсутнасці цягі або яе недастатковасці карыстацца газавымі прыборамі забаронена.
Пры спальванні газу выдзяляюцца прадукты гарэння, сярод якіх – чадны газ. Калі ў коміне адсутнічае цяга, то прадукты згарання могуць трапіць у памяшканне, што прыводзіць да атручвання чадным газам. Людзі, якія там знаходзяцца, адчуваюць стомленасць, у іх пачынае кружыцца галава, ім хочацца прылегчы. Калі своечасова не спыніць паступленне чаднага газу ў памяшканні і не забяспечыць прыток свежага паветра, чалавек адчуе галаўны боль і ўдушша, наступіць параліч і страта свядомасці.
Неабходна своечасова праводзіць праверку тэхнічнага стану дымавых і вентыляцыйных каналаў з атрыманнем адпаведнага акта. Гэта могуць ажыццяўляць толькі спецыялізаваныя арганізацыі.
Дымавыя і вентыляцыйныя каналы падлягаюць першаснай праверцы стану, а таксама перыядычным праверкам стану і прачыстцы ў наступныя тэрміны:
— для ацяпляльнага газавага абсталявання незалежна ад матэрыялу, з якога яны выраблены – перад ацяпляльным сезонам;
— для праточных газавых воданагравальнікаў у залежнасці ад матэрыялу, з якога яны выраблены: цагляныя — не радзей аднаго разу ў квартал; азбестацэментныя, ганчарныя, стальныя, а таксама выкананыя са спецыяльных блокаў гарачаўстойлівага бетону — не радзей аднаго разу ў год.
Пасля кожнага рамонту дымавыя і вентыляцыйныя каналы неабходна правяраць і прачышчаць незалежна ад тэрміну, які прайшоў з папярэдняй праверкі.
Памятайце, што адказнасць за ўтрыманне дымавых і вентыляцыйных каналаў у спраўным стане ляжыць на ўладальніках жылых дамоў.
Адключэнне ад газазабеспячэння жылых дамоў праводзіцца пры адсутнасці ва ўласнікаў актаў праверкі дымавых і вентыляцыйных каналаў (або адсутнасці запісаў у журнале ўліку вынікаў паўторнай праверкі і прачысткі дымавых і вентыляцыйных каналаў навучанымі грамадзянамі), а таксама пры іх няспраўнасці.
Для дадатковай абароны пры карыстанні ацяпляльнымі газавымі катламі і калонкамі настойліва раім усталёўваць сігналізатары чаднага газу, якія гукавой і светлавой сігналізацыяй апавясцяць нават аб нязначнай яго канцэнтрацыі ў паветры.
ВУ “Слонімгаз” Дзятлаўскі раён газазабеспячэння нагадвае, што за парушэнне “Правілаў карыстання газам у побыце” – умяшанне ў работу аўтаматыкі бяспекі, самавольная замена газавыкарыстальнага абсталявання, пакіданне без нагляду абсталявання, якое працуе, невыкананне абследавання стану дымавых і вентыляцыйных каналаў ва ўстаноўленыя тэрміны – могуць быць ужыты меры адміністрацыйнага ўздзеяння ў выглядзе штрафу ў памеры ад 4 да 20 базавых велічынь або спынення забеспячэння газам шляхам адключэння ад сістэмы газазабеспячэння.
Адміністрацыя Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння