Сустрэча кіраўніцтва раёна са святарамі

Важнае Грамадства Свежыя навіны

5 снежня ў Дзятлаўскім райвыканкаме адбылася сустрэча кіраўніка раёна Аляксандра Дубовіка са святарамі праваслаўнай і каталіцкай канфесій, прадстаўнікамі рэлігійных суполак хрысціян веры евангельскай і евангельскіх хрысціян-баптыстаў.

Удзел у мерапрыемстве таксама прынялі кіраўнікі службаў і падраздзяленняў райвыканкама, старшыні раённых сельвыканкамаў.

На пачатку сустрэчы Аляксандр Дубовік акрэсліў важную ролю свяшчэннаслужыцеляў у жыцці раёна, адзначыў неабходнасць працягваць плённае супрацоўніцтва, запрасіў да актыўнага пошуку накірункаў сумеснай працы для забеспячэння духоўнага развіцця грамадскасці.

Аб тым, як узаемадзейнічаюць органы ўлады з рэлігійнымі арганізацыямі, расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Калодка. Яна адзначыла, што мэта сустрэчы – выпрацаваць канкрэтныя накірункі супрацоўніцтва дзяржаўных установаў з рэлігійнымі арганізацыямі па адраджэнні духоўных і маральных каштоўнасцей, духоўным развіцці насельніцтва раёна, прафілактыцы суіцыдаў, агрэсіі падлеткаў і іншых маральных пытанняў, якія патрабуюць цеснага ўзаемадзеяння прысутных.

Па пытанні аб парадку запрашэнняў замежных грамадзян і асобаў без грамадзянста з мэтай ажыццяўлення рэлігійнай дзейнасці выступіла вядучы спецыяліст па рэгістры насельніцтва групы па грамадзянстве і міграцыі аддзела ўнутраных спраў Марына Прыходзька.

Аб супрацьпажарным стане аб’ектаў культавага значэння і прафілактыцы пажараў на іх расказаў начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык.

Начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Вольга Лашко скіравала ўвагу прысутных на пытанне неабходнасці своечасовага і канчатковага афармлення дакументаў на зямельныя ўчасткі, выдзеленыя для будаўніцтва і абслугоўвання рэлігійных будынкаў. Таксама спецыяліст пазнаёміла ўдзельнікаў сустрэчы з алгарытмам атрымання неабходнай дакументацыі на правядзенне капітальнага рамонту, рэканструкцыі, мадэрнізацыі, новага будаўніцтва аб’ектаў культавага значэння.

Аб выкананні абавязацельстваў па захаванні помнікаў культуры і архітэктуры, якія належаць рэлігійным аб’яднанням, расказала старшы навуковы работнік

Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Вольга Цюшляева.

Напрыканцы сустрэчы святары мелі магчымасць задаць пытанні старшыні райвыканкама і вядучым спецыялістам раённага цэнтра. Сумесна яны абмеркавалі магчымасці іх вырашэння, разгледзелі магчымасці эфектыўнага супрацоўніцтва.

 

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ