Рэспіраторны этыкет

Да ведама грамадзян Свежыя навіны

У Дзятлаўскім раёне  ўжо зарэгістравана каля 150 выпадкаў захворванняў на вострыя рэспіраторныя інфекцыі.Сярод тых, хто захварэў, 61,6% складаюць дзеці.

Грып і ВРІ – гэта вострыя інфекцыйныя захворванні з падобнымі клінічнымі сімптомамі, аднак толькі грып небяспечны развіццём сур’ёзных ускладненняў, якія прыводзяць да інвалідызацыі і смяротнага зыходу. Найбольш эфектыўнай мерай барацьбы з грыпам з’яўляецца вакцынацыя. Па выніках прышчэпачнай кампаніі 2018 года ў Дзятлаўскім раёне вакцынаваны супраць грыпу 40,2% насельніцтва. Меры прафілактыкі ВРІ ў перыяд эпідэмічнага ўздыму захворвання ўключаюць у сябе просты комплекс мерапрыемстваў: абмежаванне кантакту з заражанымі людзьмі; адмова, па магчымасці, ад наведвання шматлюдных грамадскіх месцаў; выкананне правіл асабістай гігіены; умацаванне імунітэту, збалансаванае рацыянальнае харчаванне, здаровы лад жыцця.

Лічыцца, што рэспіраторныя вірусы, якія выклікаюць мноства вострых рэспіраторных захворванняў, распаўсюджваюцца, галоўным чынам, ад чалавека да чалавека праз удыханне найдрабнейшых кропелек, якія ўтвараюцца пры кашлі і чханні. Аднак інфекцыя можа распаўсюджвацца і праз забруджаныя рукі і прадметы, на якіх знаходзяцца вірусы. Таму, каб засцерагчы сябе і навакольных ад заражэння на вострыя рэспіраторныя інфекцыі, неабходна выконваць “рэспіраторны этыкет” – збор простых правіл паводзін у грамадскіх месцах, накіраваных на абмежаванне распаўсюджвання рэспіраторных захворванняў. Пры кашлі і чханні неабходна выкарыстоўваць насоўку, а пры яе адсутнасці прастуджаныя асобы павінны чхаць і кашляць у згіб локця, а не ў далоні, бо традыцыйнае прыкрыванне рота далонню прыводзіць да распаўсюджвання інфекцыі праз рукі. Важна часта і старанна мыць рукі з мылам і імкнуцца не дакранацца да вуснаў, носа і вачэй. Па-магчымасці, лепш трымацца на адлегласці ад людзей, якія кашляюць і чхаюць.

Мікалай ДЗЯДОВІЧ,
доктар-эпідэміёлаг Дзятлаўскага райЦГЭ