Прымайце віншаванні ад педагогаў Казлоўшчынскай сярэдняй школы

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Ігар Данільчык, дырэктар:

– З надыходячым Новым годам, шаноўныя жыхары Дзятлаўшчыны, усіх вам даброт, шчасця і здароўя, цярпення. Мяркуецца, што 2019-ы, паколькі гэта год свінні, павінен быць багатым, бо свіння – сімвал пладавітасці і дастатку. Няхай новы год будзе шчодрым для нас з вамі, прынясе плён у справах.

Мінулы 2018-ы быў паспяховым для нашай установы, паколькі Казлоўшчынская сярэдняя школа “перасялілася” ў прыгожы адноўлены будынак. Мы з педагогамі і вучнямі стараемся стварыць тут яшчэ больш прыгажосці і ўтульнасці, таму актыўна рыхтаваліся да навагодніх і калядных святаў. Што ў нас атрымалася, няхай ацэняць бацькі і госці ўстановы. У іх ёсць такая магчымасць, паколькі якраз цяпер у рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” праходзяць навагоднія ранішнікі для навучэнцаў. Дзядуля Мароз ужо павіншаваў малодшых дзяцей, цяпер яго сустрэнуць навучэнцы старэйшых класаў. Застаецца пажадаць вучням, іх бацькам і педагагічнаму калектыву ўстановы поспехаў, новых дасягненняў, натхнення ва ўсіх справах і святочнага настрою.

 

 

Наталля Гародка, педагог сацыяльны:

– Напярэдадні святаў хочацца пажадаць усім жыхарам нашага раёна, выдатнага настрою, усмешак, цёплых сямейных адносінаў, прыемных сустрэчаў і знаёмстваў.

Новы год – гэта сямейнае свята, якое збірае пад адным дахам родных і блізкіх, нават тыя людзі, якія жывуць далёка, стараюцца прыехаць на малую радзіму, сустрэцца з землякамі, падзяліцца навінамі. Жадаю, каб і сёлетнія навагоднія сустрэчы падарылі вам, шаноўныя землякі, прыемныя хвіліны, станоўчыя эмоцыі і добрыя ўспаміны на ўвесь наступны год. Здароўя і дабрабыту вашым сем’ям.