26 снежня настаяцель сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай горада Дзятлава протаіерэй Мікалай Пінчук і сёстры сястрынства ў гонар блажэннай Ксеніі Пецярбургскай наведалі аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.
Святар пагутарыў з прысутнымі пра Нараджэнне Хрыстова, якое хутка будуць святкаваць праваслаўныя, пра пост, які папярэднічае гэтаму вялікаму святу, пра тое, як вера ў Бога дапамагае пераадольваць цяжкасці на жыццёвым шляху. Сёстры і святар прыйшлі не з пустымі рукамі, а прынеслі наведвальнікам аддзялення пачастункі.
Толькі “Праменьчык” развітаўся з айцом Мікалаем і сёстрамі, як на парозе з’явіліся новыя госці.
У рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” ў аддзяленне завіталі спецыялісты ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” з віншаваннямі і навагоднімі падарункамі. З цёплымі словамі падтрымкі і пажаданнямі здароўя, шчасця, здзяйснення запаветных мараў звярнуліся яны да прысутных. Прыемным момантам сустрэчы стала ўручэнне падарункаў.
Спецыялісты і наведвальнікі “Праменьчыка” ўдзячны ўсім гасцям за увагу, клопат, дапамогу і святочны настрой.
Валянціна САЛАМЕВІЧ,
спецыяліст аддзялення “Праменьчык” ЦСАН Дзятлаўскага раёна