Навагоднія цуды для Максіма і Дзяніса

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Напярэдадні навагодніх і калядных святаў у сацыяльна-педагагічным цэнтры горада Дзятлава знаходзяцца двое хлопчыкаў: пяцігадовы Максім і дзевяцігадовы Дзяніс.

Вядома, як і ўсе непаўналетнія яны чакаюць цудаў, і цуды абавязкова адбудуцца, дзякуючы дабрачыннай рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”.

Як зазначае дырэктар цэнтра Ала Жэгалік, выхаванцы ўстановы прымуць удзел у раённым навагоднім дабрачынным свяце для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, знаходзяцца ў прыёмных сям’ях ці пад апекай. Яно адбудзецца 26 снежня ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці.

А ў самім сацыяльна-педагагічным цэнтры падрыхтоўка да Новага года і Калядаў ідзе поўным ходам. Выхаванцы ўжо зрабілі ў гэту справу свой пасільны ўнёсак – малюнкі і аплікацыі, якія змешчаны на стэндзе “Наша творчасць”. На жаль, ужо некалькі дзён Максім і Дзяніс знаходзяцца ў Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Затое педагогі цэнтра прадоўжылі ствараць для сваіх выхаванцаў сапраўднае зімовае цуда. Вернуцца хлопчыкі, а тут іх чакае ўтульная казка і прыгажуня-ёлка.

Таксама ў рамках акцыі “Нашы дзеці” сацыяльны прытулак па добрай традыцыі наведаюць валанцёры раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў. Увогуле, Ала Аркадзьеўна падкрэслівае, што для людзей, якія хочуць падарыць цяпло сваіх сэрцаў выхаванцам прытулка, дзверы ўстановы заўжды адчынены. Зрабіць дабро могуць усе жадаючыя, нават проста нераўнадушныя жыхары раёна. Не абавязкова прыносіць цукеркі, выхаванцы будуць рады і іншым карысным падарункам: цацкам, настольным гульням, канцылярскім прыладам, рэчам асабістага карыстання, спартыўнаму інвентару, нават шаліку або рукавічкам.

Не будзьце абыякавымі, упішыце некалькі ўласных старонак у навагоднюю казку для Максіма і Дзяніса.

Ірына КАЎКЕЛЬ



Теги: