Казачны парад і чароўная кнопка (+відэа)

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

“Ну, паплылі!” – так жартавалі Дзядулі Марозы, якія сабраліся каля Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, каб паўдзельнічаць у парадзе Дзедаў Марозаў.

З кожным годам прайсціся ў такім шэсці знаходзіцца ўсё больш жадаючых, вось і сёлета з усіх куткоў Дзятлаўскага раёна прыляцелі, прыехалі, прыплылі галоўныя героі навагодніх і калядных святаў – Дзяды Марозы і прыгажуні Снягуркі, а таксама шмат казачных герояў, у ліку якіх і сімвалы надыходзячага года.

Пад навагоднія мелодыі Наваельнянскага духавога аркестра, урачыста і ў той жа час нязмушана, хто – прытанцоўваючы, хто – падпяваючы, удзельнікі шэсця прайшлі па вуліцах Перамогі, Чырвонаармейскай, Леніна да плошчы 17 Верасня. Героі шэсця заклікалі ў сваю кагорту тых, хто прыйшоў проста паглядзець, а нечакана сам стаў удзельнікам парада.

А галоўную ёлку на Дзятлаўшчыне ў гэтым годзе запалілі па-сучаснаму.

Сёння на дварэ 21 стагоддзе, час тэхналогій і камп’ютарызацыі, і дзятлаўскі Дзед Мароз ідзе ў нагу з часам: у яго ёсць чароўная кнопка, націснуўшы на якую ён запаліў агні на ёлцы.

Нягледзячы на “навагодні” дождж, а не снег, настрой ва ўсіх, хто прыйшоў сёння на святочнае мерапрыемства, быў вясёлы і бадзёры.

Святлана ГРЫШЫНА

Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ і Юліі БАКУНОВІЧ