28 лістапада ў вернікаў пачаўся асаблівы перыяд – час Каляднага посту. Ён мае яшчэ адну назву Піліпаў пост (па-народнаму Піліпаўка), бо ўсталяваны ў гонар аднаго з апосталаў Ісуса Хрыста Піліпа, памяць якога царква здзяйсняе напярэдадні, 27 лістапада.
Вучань Збавіцеля паходзіў з багатай сям’і, якая жыла ў Віфсаідзе Галілейскай, што знаходзілася ў паўночнай частцы Палесціны. Дзякуючы заможнасці бацькоў ён быў забяспечаны ўсім неабходным, у тым ліку і выдатным выхаваннем. Ён адзін з нямногіх вучняў Госпада з дзяцінства атрымаў добрую тагачасную адукацыю. Навучаны Святому Пісанню і ведаючы прароцтвы пра хуткае прышэсце Месіі, Піліп усім сэрцам пажадаў убачыць Збавіцеля. Калі ж гэта адбылося, адразу паверыў і пайшоў услед за Боскім Настаўнікам, адгукнуўся на заклік: “Ідзі за Мною” (Ін. 1,43). Акрамя гэтага, ён прывёў да Госпада свайго сябра Нафанаіла.
Неаднаразова святы апостал Піліп працай і пропаведдзю пацвярджаў тое, што праз веру ў Хрыста як Выратавальніка магчыма не толькі пазбавіцца ад невылечнай хваробы, але і вярнуць да жыцця памерлага чалавека. Ён нястомна прапаведаваў Збавіцеля ў Галілеі, Аравіі, Эфіопіі, Сірыі, Малой Азіі. Апостал Піліп сілай Божай, імем Ісуса Хрыста здзяйсняў цуды. У Грэцыі ён уваскрасіў ужо памерлага чалавека, у Сірыйскім горадзе Азоце вылечыў ад хваробы вачэй дачку вандроўніка прыімца Мікакліда Харыціну, у Іерапалі Сірыйскім уваскрасіў нябожчыка і вылечыў правіцеля горада Арыстарха.
Пасля таго як святы апостал у Іерапалі ўваскрасіў Феафіла, народ стаў сведкай дзіўных слоў. Некалі памерлы сказаў: “Дзякую табе, святы слуга Божы, што выратаваў мяне ад вялікага зла: два чорныя і смярдзючыя эфіопы пацягнулі мяне, і калі б ты не прадухіліў і не вызваліў мяне ад іх, то я быў бы звергнуты ў змрочны тартар”. Гэтыя словы – яшчэ адно пацвярджэнне таго, што, як бы мы ні адмаўляліся ад існавання вечнага жыцця, пасмяротны стан існуе. Але ці шмат хто з нас гатовы да сустрэчы з вечнасцю?
У Іерапалі апостал заснаваў царкву, паставіўшы аднаго ўплывовага і набожнага грамадзяніна Іра, які аказаў дапамогу вучню Госпада ў час знаходжання таго ў горадзе, епіскапам. У гэтым жа горадзе праз некаторы час святога Піліпа напаткала смерць – ён быў распяты. Гэта здарылася ў 90-м годзе ад Нараджэння Хрыста пры кіраўніку горада Ніканоры. Апосталу было 87 гадоў. Мошчы святога Піліпа каля 560 года былі перанесены ў Рым. Сёння яны знаходзяцца у храме дванаццаці апосталаў.
Свяшчэннікі гавораць, што пост агаляе нашы “слабыя месцы”, дае нам выразней іх убачыць і адчуць, а таму мы павінны мець жаданне прыкласці намаганні да таго, каб выдаліць гэтыя язвы са сваёй душы, а не глыбей іх “схаваць”. Свяціцель Іаан Златавуст вучыць: “Памыляецца той, хто лічыць, што пост толькі ва ўстрыманні ад ежы. Сапраўдны пост ёсць ухіленне ад зла, утаймаванне языка, адкладванне гневу, утаймаванне юру (похоти), спыненне паклёпу, хлусні і клятвапарушэння”. Піліпаўскі пост скончыцца 6 студзеня, напярэдадні Нараджэння Хрыстовага.
У час Піліпаўкі, калі праца па гаспадарцы пераважна заканчвалася, а вечары станавіліся больш доўгімі, жанчыны пачыналі займацца прадзеннем. Казалі: “Што ў Пiлiпаўку напрадзеш, то ў Вялiкi пост сатчэш”. А яшчэ нашы продкі сачылі за надвор’ем. Калі снег у гэты дзень ляжа на сухую падмарожаную зямлю, то ляжаць ён будзе ўжо да паводкі. Непагадзь, хмары і снег з дажджом абяцаюць мокры май і ўраджайнае лета будучага года.
Ігар ЗІНЧАНКА