У сярэдняй школе №3 горада Дзятлава для навучэнцаў выпускных класаў у рамках прафарыентацыйнай работы была арганізавана сустрэча з курсантамі Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў.
У час сустрэчы курсанты, выпускнікі школы Максім Юганаў і Аляксей Ламака, расказалі аб гісторыі і структуры акадэміі. Вучні школы даведаліся, што Акадэмія МУС Рэспублікі Беларусь была створана ў 1958 годзе і ў 2018 годзе адзначыла сваё 60-годдзе. Яна ўваходзіць у лік найбольш прэстыжных юрыдычных ВНУ краіны і займае вядучае месца ў сістэме падрыхтоўкі спецыялістаў для дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі Беларусі.
Курсантаў – будучых афіцэраў з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй рыхтуюць за кошт дзяржбюджэту па спецыяльнасці “Правазнаўства” на факультэце міліцыі, следча-экспертным і крымінальна-выканаўчым факультэтах. Жадаючыя могуць вучыцца ў Акадэміі МУС таксама завочна на факультэце права на платнай аснове. Было цікава даведацца, якое грашовае забеспячэнне курсанта, які тэрмін навучання ў ВНУ і якія кваліфікацыі прысвойваюцца выпускнікам. Максім Юганаў і Аляксей Ламака расказалі адзінаццацікласнікам аб праходжанні першапачатковай падрыхтоўкі – “курса маладога байца”, аб прыняцці прысягі, аб падпісанні кантракта, які абавязвае праходзіць службу ў органах унутраных спраў на працягу навучання і пасля заканчэння вучобы, аб умовах пражывання, навучальным працэсе, вучэбнай базе акадэміі.
Шмат гаварылі пра паступленне: абітурыенты павінны прайсці строгую медыцынскую камісію, мець выдатныя характарыстыкі па месцы вучобы і жыхарства, глыбокія веды па ўсіх вучэбных дысцыплінах школьнага курса, паспяхова здаць цэнтралізаванае тэсціраванне па рускай ці беларускай мовах, грамадазнаўстве, замежнай мове.
Аліна ЗАЯЦ,
удзельніца клуба “Юны журналіст” сярэдняй школы №3 г. Дзятлава