Дзеці разумеюць больш, чым здаецца дарослым

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

У прытулак сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава наведаліся члены Дзятлаўскага раённага савета ветэранаў, каб павіншаваць дзяцей з надыходзячымі зімовымі святамі.

Гасцей у дзяржаўнай установе ветліва сустракаў дзевяцігадовы Дзяніс, які ўжо чакае Новага года і рыхтуецца адзначыць яго незвычайна.

Ядзвіга Гушча, Валянціна Літвіна і Святлана Пігульская звярнуліся да хлопчыка, як да свайго ўнука: пацікавіліся, ці не холадна яму, даведаліся пра школьныя поспехі, пахвалілі за добрыя паводзіны і пачаставалі прысмакамі.

Але больш за ўсё Дзянісу спадабаліся цацкі, менавіта новы канструктар:

— Паглядзі, які ён складаны, яго хутка не збярэш, — дзівіліся актывісты Савета ветэранаў.

— Тут жа ўсё лёгка! — упэўнена адказаў Дзяніс з жаданнем хутчэй прыступіць да задачы.

Таксама падарункі перадалі і для пяцігадовага Максіма, які цяпер знаходзіцца ў бальніцы. Вернецца — а яго чакае шмат прыемных навагодніх сюрпрызаў.

Дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Ала Жэгалік падзякавала гасцям за шчодрыя падарункі, увагу да дзяцей і значную падтрымку, бо дзеці разумеюць больш, чым нам здаецца.

 



Теги: