А на дзятлаўскіх падворках зіхацяць агнямі ёлкі (+відэа)

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Нягледзячы на штодзённую працоўную занятасць, гараджане раённага цэнтра актыўна рыхтуюцца да Новага года. У працэс уключаюцца ўсе: прадпрыемствы, арганізацыі, магазіны, а таксама жыхары ўласных дамоў.

Калі адны абмяжоўваюцца ёлкай і ледзяной горкай, іншыя падыходзяць да ўпрыгожвання тэрыторыі з вялікім энтузіязмам.

У ход ідуць рыдлёўкі, вёдры, пэндзлі з фарбамі, рознакаляровыя дэкаратыўныя вулічныя гірлянды, святлодыёдныя фігуры ў выглядзе сняжынак і бліскучая мішура.

З кожным днём усё больш упрыгожаных навагодніх двароў можна ўбачыць у розных мікрараёнах горада, на вуліцах аграгарадкоў і вёсак. Дзятлаўчане сваімі сіламі ўжо цяпер імкнуцца стварыць казачны настрой для сваіх блізкіх і кожнага прахожага.

Карэспандэнты раённай газеты завіталі на навагоднія двары дзятлаўчан.

Гаспадароў уласнага дома  Валянціну і Аляксандра Камянецкіх па вуліцы Гагарына добра ведаюць жыхары гэтага мікрараёна. Яны штогод ствараюць на сваім двары чароўны куток навагодняга настрою.

– Я працую ўжо шмат гадоў вадзіцелем-міжнароднікам, за гэты час шмат у якіх краінах пабываў, тысячы чароўных упрыгожванняў бачыў, – дзеліцца ўражаннямі Аляксандр. – Каляды і Новы год у еўрапейскіх краінах – гэта незабыўны калейдаскоп уражанняў ад беласнежнай казкі, сапраўдных прыгодаў, жывых традыцый, дзіўных сюрпрызаў і яркага адпачынку, адчуваецца асаблівая атмасфера радасці. Дамы, вуліцы і гарады апранаюцца ў святочнае ўбранне, гучаць калядныя песні. У паветры лунаюць рэзкія пахі карыцы і ванілі, яловай ігліцы. Праводзяцца калядныя кірмашы. Калі едзешь па такіх вуліцах,  цудоўны настрой ахінае, сапраўднае адчуванне калядных і навагодніх святаў. Такое ўражанне, быццам у казку трапляеш. Хацелася б, каб і на вуліцах нашага горада было як мага больш  навагодняга ўбранства, тады і казка будзе адна на ўсіх – чароўная.

–  Калі вы пачынаеце рыхтавацца да святаў?

– Стараемся рыхтавацца загаддзя, тэрыторыю ўпрыгожваем сваімі сіламі, дзейнічаем сямейнай камандай, разам плануем і ўвасабляем новыя ідэі. Хочацца, каб навагодняя прыгожосць даўжэй радавала нас цудоўным настроем. Выдатна, калі ў вячэрні час двор напаўняецца святлом і зіхатлівымі агнямі.

Напэўна, шмат сіл, часу і матэрыяльных затрат неабходна, каб стварыць гэтае хараство?

– Неабавязкова траціць шмат грошай, каб зімовае ўпрыгажэнне двара было па-навагодняму выдатным. Напрыклад, аднойчы выбраўшы прыдатныя саджанцы іглістых дрэў для ландшафтнага дызайну, мы атрымліваем неабходны цень і водар улетку, а цяпер, у час навагодніх святаў – прыемную асалоду ад прыгажосці  іх навагодняга ўбранства. Некаторыя элементы дэкору лёгка можна зрабіць самім. Няхай гэта будзе снегавік, фігурка знака года з лёду або цікавыя рознакаляровыя ледзяныя шарыкі. Калі ёсць магчымасць, можна аформіць уваход у дом яловымі ці хваёвымі галінкамі, упрыгожыць іх штучным снегам, а таксама павесіць розныя дробныя сувеніры для членаў сям’і і гасцей. Дэкаратыўныя свяцільні і ліхтары для вуліцы – яшчэ адна выдатная дызайнерская  ідэя для  навагодняга афармлення ўчастка.

Галоўнае, каб усё гэта хараство радавала жыхароў дома, суседзяў і ўсіх дзятлаўчан.

А як вы ўпрыгожылі свой двор? Падзяліцеся сваімі ідэямі і творчымі напрацоўкамі.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ