– Як імкліва ляціць час. Здаецца, толькі ўчора зняў форменнае адзенне работніка міліцыі, а на самой справе мінулі дзесяцігоддзі, – паглыбляючыся ва ўспаміны аб мінулым, зазначае старшыня ветэранскай арганізацыі аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Ламака.
Аляксандра Вікенцьевіча ў рэдакцыю газеты “Перамога” прывяла адказная справа: ён павінен расказаць аб буднях дзятлаўскай міліцыі ў рэтраспектыве, павіншаваць былых супрацоўнікаў з надыходзячым святам. Справа ў тым, што 10 лістапада ў Беларусі адзначаецца Дзень ушанавання ветэранаў Міністэрства ўнутраных спраў. У падраздзяленнях міліцыі па ўсёй краіне праходзяць урачыстыя сустрэчы асабовага саставу з ветэранамі службы, праваахоўнікі ўспамінаюць супрацоўнікаў, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку, наведваюць састарэлых і хворых людзей. Падобная традыцыя захоўваецца і на Дзятлаўшчыне, таму свой аповед Аляксандр Ламака пачынае з пераліку імёнаў саслужыўцаў і заслужаных супрацоўнікаў райаддзела:
– Найперш варта назваць ветэранаў раённага аддзела Міхаіла Карабанава і Уладзіміра Зайца. Абодва гэтыя чалавекі – прыклад сумленнага служэння Айчыне і адданасці міліцэйскай прафесіі. Міхаіл Карабанаў быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, некаторы час працаваў у крымінальным вышуку, пазней быў прызначаны начальнікам аддзела аховы. За заслугі перад Радзімай узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, іншымі ўзнагародамі. У 1974 годзе ён заўчасна памёр.
Калі вайна скончылася, Уладзімір Заяц па камсамольскай пуцёўцы прыйшоў працаваць у міліцыю. Час быў нялёгкі: у лясах яшчэ хаваліся бандыты, якія па начах рабавалі і забівалі мясцовых жыхароў. На рахунку гэтага смелага праваахоўніка, участковага інспектара міліцыі, шмат подзвігаў, звязаных з рызыкай для жыцця. Ён сабраў ля сябе кагорту актывістаў. Разам яны змаглі арыштаваць злачынцу, які ўчыніў шэраг рабаўніцтваў і разбояў у вёсцы Нагародавічы. Крыху пазней Уладзімір Паўлавіч змог затрымаць і былога каменданта нямецкай паліцыі Хапрова, вінаватага ў шматлікіх забойствах і злачынствах супраць краіны і народа.
Нельга не ўзгадаць прозвішчы супрацоўнікаў міліцыі, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Сярод іх ёсць і прозвішча Браніслава Грэйні, які нарадзіўся і вырас у вёсцы Погіры. На службу ў міліцыю ён прыйшоў у 1939 годзе. Калі раён акупіравалі нямецка-фашысцкія захопнікі, Браніслаў Герасімавіч пайшоў у партызанскі атрад, дзе змагаўся за свабоду Радзімы да ліпеня 1944-га, пасля вызвалення Беларусі ўступіў у шэрагі дзеючай арміі, пазней загінуў на фронце.
Яшчэ адзін супрацоўнік раённай міліцыі Іван Талерчык загінуў у мірны час пры выкананні службовых абавязкаў. У гады вайны ён змагаўся з ворагамі ў атрадзе “Непераможны” Ленінскай партызанскай брыгады, якая дзейнічала на тэрыторыі Слонімскага і Казлоўшчынскага раёнаў. Пасля перамогі служыў у міліцыі, у гарпасёлку Казлоўшчына. Загінуў ад рук бандытаў у вёсцы Колкі.
Васіль Радзівон прыйшоў працаваць у міліцыю ў 1940 годзе. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны яго пакінулі на захопленай тэрыторыі для падпольнай дзейнасці. У ліпені 1941 года здраднік выдаў яго ворагам, і Васіль Мікітавіч быў расстраляны. Ён пахаваны на могілках вёскі Страла.
Варта ўзгадаць і іншых годных людзей, выдатных супрацоўнікаў, якія, на жаль, ужо памерлі. Гэта былыя начальнікі райаддзела Пётр Кароза, Уладзімір Капціловіч, Анатоль Панкевіч, супрацоўнікі міліцыі: Валянцін Копаць, Леанід Ломаць, Іван Чэрнік, Пётр Ганчароў, Мікалай Хмурчык, Васіль Савань, Аляксей Ціхан, Іван Мацюкевіч, Уладзімір Стырнік, Іван Макарчык, Сямён Сіневіч, Фёдар Шостак, Пётр Пацяйчук, Леанід Жэгала, Мікалай Абрамчык, Георгій Харкевіч, Мікалай Белавус, Уладзімір Кадавік, Анатоль Пічугін, Васіль Абрамчык, Павел Шчотка.
Цікаўлюся ў Аляксандра Вікенцьевіча, чым жыве іх ветэранская арганізацыя.
– Падтрымліваем былых супрацоўнікаў, іх сем’і, сустракаемся з маладымі міліцыянерамі, святкуем памятныя даты, праводзім дні адпачынку на прыродзе, – пералічвае накірункі работы Аляксандр Ламака. – Безумоўна, нас падтрымлівае кіраўніцтва аддзела і дапамагае, калі трэба, за што мы, ветэраны, вельмі ўдзячны.
Ну і, напрыканцы, – прадаўжае мой субяседнік, – звяртаюся да ўсіх, хто насіў ганаровае званне “міліцыянер”, каб павіншаваць са святам. Няхай у вашай памяці застаюцца самыя лепшыя ўспаміны аб днях службы, жадаю бадзёрасці духу, дабрабыту, моцнага сяброўства, ладу ў сем’ях, доўгіх актыўных гадоў жыцця.
Ірына СТЫРНІК