Зарабляй на пенсію, пакуль малады

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

8 лістапада на Дзятлаўшчыне прайшло чарговае пасяджэнне камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва раёна. На гэты раз сустрэча ладзілася ў аграгарадку Гезгалы.

Да ўдзельнікаў камісіі тут далучыўся старшыня Жукоўшчынскага сельвыканкама Валерый Верамейчык.

Ён патлумачыў, што на падведамаснай тэрыторыі аграгарадок Гезгалы, бадай, самы праблемны населены пункт. А усё таму, што шмат кватэраў у былым ваенным гарадку набылі жыхары сталіцы. Большасць з іх імкнулася такім чынам палепшыць свае жыллёвыя ўмовы, напрыклад, з камунальных кватэраў пераязджалі ва ўласныя, не менш камфортныя з усімі зручнасцямі. У гэтым выпадку больш шанцавала пенсіянерам: і прырода ў аграгарадку прыгожая, і інфраструктура наладжаная, і стабільны даход у выглядзе пенсіі ёсць. Менш пашчасціла людзям працоўнага ўзросту, бо паблізу ад Гезгалаў няма буйных прадпрыемстваў, а на тэрыторыі сельскага савета не так ужо і шмат арганізацый, дзе можна ўладкавацца на работу. Тым не менш, хто жадае працаваць – той працуе, нават у суседнім Лідскім раёне, некаторыя ўладкоўваюцца вахтавым метадам. А на пасяджэнне камісіі запрасілі тых жыхароў аграгарадка, прозвішчы якіх у хуткім часе могуць трапіць у базу незанятых у эканоміцы. Усяго запрашэнні выслалі 35 чалавекам.

 

Старшыня камісіі Аляксандр Бараноўскі, ён жа старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў, адзначыў, што жыхары Дзятлаўшчыны ўжо звяртаюцца ў камісію па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва з пытаннямі выключэння іх з базы незанятых у эканоміцы, прадастаўляючы ўсе неабходныя дакументы. Некалькі такіх зваротаў разгледжаны і вырашаны станоўча.

Аднак гезгальцаў, якія прыйшлі на сустрэчу, больш цікавіла магчымасць знайсці работу. Так, жыхар аграгарадка, якога выслухалі першым, расказаў, што яшчэ мінулай восенню звольніўся з КСУП “Жукоўшчына”, дзе працаваў жывёлаводам. Увесь гэты час зарабляў на ягадах і грыбах. Мужчына ўласнік кватэры і мае значную запазычанасць па камунальных плацяжах. Ён ведае, што ў хуткім часе, калі не пойдзе працаваць, плаціць яму давядзецца па эканамічна абгрунтаваных, а значыць, яшчэ больш высокіх тарыфах. Беспрацоўнаму прапанавалі вакансію засольшчыка шкураў. Ён згадзіўся і пабяцаў на днях прыехаць у службу занятасці па накіраванне.

Разам з другім жыхаром Гезгалаў на пасяджэнне камісіі прыйшла яго суседка, каб патлумачыць, што ў мужчыны сур’ёзныя праблемы са здароўем. Сам ён – былы сталічны жыхар, ужо некалькі гадоў не працуе. Абмяркоўваючы гэту сітуацыю, старшыня і члены камісіі звярнуліся па садзейнічанне да старшыні сельсавета Валерыя Верамейчыка. Папрасілі яго ініцыяваць поўны медыцынскі агляд беспрацоўнага, каб медыкі высветлілі, ці можа мужчына працаваць, якія віды работ здольны выконваць.

Наступнага жыхара аграгарадка на пасяджэнне камісіі прывяла яго маці-пенсіянерка. Жанчына перажывае, што сын нідзе не працуе. Сям’я таксама перасялілася ў Гезгалы з Мінска. Мужчына патлумачыў, што мае спецыяльнасць слесара, але не ведае, куды яму працаўладкавацца. Яго запрасілі на днях прыехаць ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама з неабходнымі дакументамі, каб стаць на ўлік, тады да канца года яму пастараюцца знайсці работу.

Пастаянную работу члены камісіі прапанавалі жыхарцы аграгарадка, якая да гэтага працавала па дагаворы падрада ў КСУП “Жукоўшчына”. Жанчына згадзілася быць санітаркай у Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы і збіраецца прыехаць у службу занятасці па накіраванне.

Як бачым, кожны беспрацоўны, які прыйшоў на пасяджэнне камісіі, атрымаў канкрэтны адказ або прапанову. Астатнія не занятыя ў эканоміцы жыхары аграгарадка праігнаравалі запрашэнні. Ім варта памятаць, што ўжо з 1 студзеня 2019 года давядзецца аплачваць гарачае водазабеспячэнне па тарыфах, якія забяспечваюць поўную кампенсацыю эканамічна абгрунтаваных затрат, а з 1 кастрычніка 2019 года па такіх жа тарыфах давядзецца плаціць яшчэ і за цеплазабеспячэнне і газазабеспячэнне пры наяўнасці індывідуальных газавых ацяпляльных прыбораў.

Ірына СТЫРНІК

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *