Выканалі воінскі абавязак дастойна

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Не сакрэт, што дзе б чалавек ні знаходзіўся, яго заўсёды цягне дадому.

Асабліва гэта адчуваюць ваеннаслужачыя тэрміновай службы. Так, армія хоць і дае пэўныя навыкі і магчымасці жадаючым, але вяртанне да сям’і, сяброў, звыклага жыцця чакае кожны салдат.

Армія – гэта школа жыцця. Там дастаткова часу, каб у многім разабрацца, асэнсаваць, шмат чаму навучыцца. А гэта не толькі вытрыманасць, вынослівасць, самадысцыпліна, уменне падпарадкоўвацца іншым і выконваць загады. Армія – школа самастойнасці.

Галоўнае ў нясенні службы – выкананне задач па прызначэнні, вучоба, авалоданне вайсковымі спецыяльнасцямі. Салдат вучыцца пастаянна. У першы месяц пасля прызыву ён асвойвае азы вайсковай навукі, страявую падрыхтоўку. Потым пачынаецца тэарэтычнае вывучэнне спецыяльнасці, а ў далейшым ідзе замацаванне, адточванне ўменняў і навыкаў.

20 лістапада для пастаноўкі на воінскі ўлік ў ваенны камісарыят Дзятлаўскага раёна прыбылі шэсць салдат, якія дэмабілізаваліся з 74-га асобнага палка сувязі Заходняга аператыўнага камандавання. Тут іх сустракалі бацькі і родныя. Са словамі прывітання да юнакоў звярнуўся ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец:

– Гэты год з’яўляецца юбілейным, мы адсвяткавалі 100-годдзе Узброеных Сіл. Менавіта ў гэтым годзе мы ўводзім традыцыю ўрачыста сустракаць ваеннаслужачых, якія выдатна адслужылі, дэмабілізаваліся і прыбылі на пастаноўку на ўлік. Хачу сказаць  вам дзякуй, за тое, што выканалі свой абавязак дастойна.

Асабліва былі адзначаны  два ваеннаслужачыя – радавыя Ягор Залеўскі і Дзяніс Якаўчык.

Ягор атрымаў грамату за разумную ініцыятыву,  стараннасць і адзнаку па службе пры выкананні сваіх службовых абавязкаў.

У арміі есць такі від заахвочвання, як фатаграфія салдата каля разгорнутага Баявога Сцяга воінскай часц. Баявы Сцяг – сімвал воінскага гонару, доблесці і славы, ён з’яўляецца напамінам кожнаму ваеннаслужачаму аб свяшчэнным абавязку аддана служыць Радзіме, абараняць яе мужна і ўмела. Дзяніс першы на Дзятлаўшчыне за шмат гадоў, хто атрымаў такое фота.

Генадзь Суравец падзякаваў бацькам юнакоў, якія выхавалі, падрыхтавалі надзейных маладых людзей.

Камісар пажадаў хлопцам  знайсці сваю дарогу ў жыцці і з поспехам крочыць па ёй.

 Вольга ЮШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *