Калі размова ідзе аб супрацьпраўных учынках, ім вельмі часта папярэднічае ўжыванне алкаголю. Ні для каго не сакрэт, што пасля сустрэчы з “зялёным зміем” некаторыя грамадзяне перастаюць разумна ацэньваць сітуацыю і, як вынік, ідуць на ўчыненне злачынства.
Сярод такіх выпадкаў наступны: у горадзе Дзятлаве двое грамадзян, 1981 і 1987 гадоў нараджэння, разам распівалі спіртныя напоі. Можна сказаць, што кампанія была не самая ўдалая, бо маладзейшы ў мінулым ужо меў праблемы з законам. На гэты раз ён выхапіў з рук свайго таварыша мабільны тэлефон і ўцёк. Пацярпелы не стаў мірыцца з падобным нахабствам і паведаміў аб злачынстве ў праваахоўныя органы.
Супрацоўнікі міліцыі затрымалі зламысніка і канфіскавалі ў яго чужую маёмасць. Крымінальная справа на яго была ўзбуджана за рабаўніцтва. Санкцыі артыкула прадугледжваюць, што рабаўніцтва, спалучанае з гвалтам, які не нёс пагрозы для жыцця ці здароўя пацярпелага, або з пагрозай учынення такога гвалту, або ўчыненае паўторна ці групай асобаў, або з пранікненнем у жыллё, караецца арыштам, або абмежаваннем волі да 5 гадоў, або пазбаўленнем волі ад 2 да 6 гадоў.
Пазбаўце злодзеяў “сезоннай занятасці”
Дачны сезон скончыўся, уласнікі маёмасці раз’ехаліся па кватэрах у чаканні наступнай вясны. Тым часам у злодзеяў пашырылася “поле дзейнасці”, бо з пустых дамоў і падворкаў, за якімі не сочыць пільнае вока гаспадара, скрасці што-небудзь намнога лягчэй.
Улічваючы, што ў зімовы перыяд колькасць крадзяжоў з дачных і нежылых дамоў узрастае, супрацоўнікі раённага аддзела Следчага камітэта падрыхтавалі для іх уладальнікаў некалькі парадаў, якія дапамогуць захаваць маёмасць:
– не захоўвайце на дачах дарагія рэчы, аргтэхніку, электраінструменты, будаўнічыя матэрыялы, чорныя і каляровыя металы;
– калі ёсць фінансавая магчымасць, абсталюйце пабудовы ахоўнай сігналізацыяй або сродкамі відэафіксацыі;
– пастарайцеся ўстанавіць моцныя дзверы са складанымі замкамі, а на вокнах усталюйце рашоткі, каб злодзеям было максімальна складана залезці ў дом;
– часцей наведвайце сваё загараднае жыллё, бо па нячышчаных ад снегу дарожках зламыснікі вызначаюць, гаспадары якіх дамоў прыязджаюць рэдка;
– дамоўцеся з суседзямі, якія пастаянна жывуць на дачы або ў вёсцы, каб прыглядвалі і за вашымі домам і ўчасткам;
– калі згубілі ключы ад пабудоваў, тэрмінова памяняйце ўсе замкі;
– пры ўчыненні крадзяжу неадкладна паведамляйце пра гэта ў праваахоўныя органы, папярэдне прыняўшы меры для захавання слядоў злачынства.
Ірына ЯНОВІЧ,
следчы раённага аддзела Следчага камітэта