У моладзевай палітыцы Рэспублікі Беларусь 2018 год адзначаны важным юбілеем – 100-годдзем з дня стварэння УЛКСМ. З гэтай нагоды ўжо некалькі месяцаў запар па ўсёй рэспубліцы праходзяць сустрэчы, форумы, вечары ўспамінаў, канцэрты, чытанні. Мінулы тыдзень таксама прайшоў пад знакам камсамола. У нашым раёне яго завяршыла ўрачыстае раённае мерапрыемства, якое праходзіла ў сярэдняй школе №1 горада Дзятлава.
Тут сустрэліся прадстаўнікі новага пакалення і ветэраны моладзевага руху мінулых гадоў.
Аб тым, што камсамол – частка жыцця тысяч савецкіх юнакоў і дзяўчат, жыцця актыўнага, напоўненая цікавымі і карыснымі справамі, удзельнікам свята нагадала тэматычная выстава ў фае каля актавай залы. Цяперашнім навучэнцам цікава было ўбачыць тут піянерскую форму ранейшых гадоў, значкі, плакаты, кнігі і іншую атрыбутыку моладзевага руху ХХ стагоддзя.
Са словамі вітання і віншавання да ўдзельнікаў свята звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. Ён зазначыў, што, святкуючы векавы юбілей слаўнай камсамольскай арганізацыі, мы не толькі азіраемся ў мінулае, але і глядзім у будучыню. Ветэраны камсамола, выкарыстоўваючы назапашаны вопыт, імкнуцца перадаць нам іскрынку таго гарачага запалу, які дапамагаў ім ваяваць супраць фашызму, будаваць БАМ, асвойваць цаліну, датэрмінова выконваць вытворчыя заданні. Іх яркі прыклад сёння служыць для ўмацавання сувязі пакаленняў, развіцця моладзевага руху.
Эстафету камсамола ў нашай краіне “падхапіў” Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі. Першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык расказала, чым сёння жыве моладзь Дзятлаўшчыны і чаму яна цікавіцца мінулым. Моладзевы лідар нашага раёна ўручыла Ганаровую грамату галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама ветэрану камсамольскага руху Яўгеніі Савань.
Прыемным момантам сустрэчы стала ўручэнне кветак ветэранам камсамольскага руху і гасцям свята.
Удзельнікі сустрэчы з задавальненнем паслухалі аповеды Яўгеніі Савань, Галіны Чура, якія падзяліліся ўспамінамі аб ідэалах і камсамольскіх буднях юнакоў і дзяўчат нашага раёна мінулых часоў. Цікавым было выступленне сакратара пярвічкі БРСМ ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” Таццяны Макарчык – дэлегата моладзевага форума “Еўразія-2018”, які праходзіў у Арэнбургу. Коратка, арыгінальна, запамінальна аб сваіх планах і дасягеннях расказалі ўдзельнікі агітбрыгады Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы.
У гонар юбілея камсамола гучалі песні, вершы, віншаванні. Сустрэча стала сапраўдным святам натхнення і маладосці.
Ірына КАЎКЕЛЬ