Клуб “Нам гады не бяда” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна і раённай арганізацыя Таварыства Чырвонага крыжа даўно ўзялі шэфства над жыхарамі Дома сумеснага самастойнага пражывання, што ў аграгарадку Гезгалы, і над пацыентамі мясцовай бальніцы сястрынскага догляду.
Валанцёры выдатна ведаюць, што для насельнікаў гэтых установаў іх візіт – сапраўдная падзея, а падарыць радасць пажылым людзям нескладана. Для гэтага дастаткова шчырай увагі, цёплай усмешкі, сяброўскай размовы, а калі падрыхтавана невялікая канцэртная праграма, то атрымаецца сапраўднае свята, якое запомніцца надоўга.
Чарговы свой візіт у Гезгалы валанцёры прымеркавалі да Дня пажылых людзей. На гэты раз да іх далучыліся прадстаўнікі раённага савета ветэранаў, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, работнікі культуры.
Сустрэча ў Доме сумеснага самастойнага пражывання выдалася па-сямейнаму цёплай. Насельнікаў установы са святам павіншавалі старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа, кіраўнік клуба “Нам гады не бяда” Галіна Касцюк і інспектар Дзятлаўскага РАНС Уладзіслаў Зябачкін, пажадалі актыўнага даўгалецця, здароўя і аптымізму. Ядзвіга Гушча прывезла ад раённага савета ветэранаў торт, а ўдзельнікі клуба “Нам гады не бяда” – сувеніры, зробленыя сваімі рукамі. У час сустрэчы не змаўкаў акардыён Тацяны Шостка. Для людзей мудрага ўзросту гучалі песні мінулых гадоў, а ў хуткім часе яны і самі пачалі спяваць. Развітвацца не хацелася, але наперадзе быў візіт у бальніцу сястрынскага догляду.
Тут валанцёры таксама выступілі з музычнымі нумарамі, завіталі ў палаты да ляжачых пацыентаў. Размаўлялі доўга і цёпла, пацыенты бальніцы запрашалі прыязджаць у госці часцей. Ім паабяцалі абавязкова выканаць просьбу. Мяркуецца, што наступная паездка ў аграгарадок Гезгалы адбудзецца ўжо праз два тыдні – на Дзень маці.
Падрыхтавала да друку Ірына КАЎКЕЛЬ