Прыняцце спадчыны: тэрмін і спосабы

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Для набыцця спадчыны спадчыннік павінен яе прыняць. Такое права ўзнікае з дня адкрыцця спадчыны (з дня смерці спадчынадаўцы). З гэтага моманту спадчыннік мае права прыняць спадчыну ці адмовіцца ад яе, але такія дзеянні можа ажыццявіць толькі дзеяздольная асоба: сама або па даверанасці праз прадстаўніка.

Калі спадчыннік недзеяздольны з-за хваробы, ад яго імя волю на прыняцце спадчыны выражае яго законны прадстаўнік – апякун. Ад імя дзяцей да 14 гадоў і недзеяздольных грамадзян заява падаецца іх законнымі прадстаўнікамі, якія дакументальна пацвярджаюць свае паўнамоцтвы. Дзеці 14-18 гадоў і абмежавана дзеяздольныя грамадзяне падаюць заяву самі са згоды законных прадстаўнікоў.

Калі спадчыннік карыстаецца пакінутай пасля смерці спадчынадаўцы маёмасцю, ён лічыцца прыняўшым іншую спадчынную маёмасць, напрыклад, дачу, якая знаходзіцца ў іншым населеным пункце, а таксама маёмасць, якая выявіцца ў далейшым. Аднак спадчыннік можа быць закліканы да атрымання ў спадчыну па некалькіх падставах адначасова (па законе і па завяшчанні), і ён мае права адмовіцца ад атрымання ў спадчыну па якой-небудзь падставе ці прыняць спадчыну па ўсіх падставах.

Прыняцце спадчыны адным ці некалькімі спадчыннікамі не азначае яе прыняцце астатнімі спадчыннікамі. Дзеянні, якія сведчаць аб прыняцці спадчыны, неабходна ажыццявіць на працягу шасці месяцаў з яе адкрыцця. Для спадчыннікаў другой і іншай чаргі права атрымання ў спадчыну ўзнікае толькі ў выпадку непрыняцця спадчыны спадчыннікамі першай і іншых чэргаў.

Прыняцце спадчыны можа ажыццяўляцца двума спосабамі: шляхам падачы натарыусу па месцы адкрыцця спадчыны заявы аб прыняцці спадчыны або аб выдачы пасведчання аб праве на спадчыну; шляхам фактычнага ўступлення ў валоданне ці ўпраўленне спадчыннай маёмасцю. Першы спосаб заключаецца ў тым, што заява падаецца натарыусу не пазней за шэсць месяцаў з дня адкрыцця спадчыны. Калі апошні дзень гэтага тэрміну прыпадае на непрацоўны, днём заканчэня тэрміну лічыцца наступны за ім рабочы дзень. Другі спосаб прыняцця спадчыны можа выражацца ў розных дзеяннях: калі спадчыннік хоць нядоўгі час жыў у доме спадчынадаўцы, уступіў у валоданне рэчамі спадчынадаўцы, то ён лічыцца прыняўшым спадчыну. Дзеянні спадчынніка па ўпраўленні маёмасцю асабістыя ці праз прадстаўніка (рамонт, вядзенне прысядзібнага ўчастка, аплата камунальных паслугаў) таксама абазначаюць прыняцце спадчыны.

Для пацвярджэння факта прыняцця спадчыны натарыусу могуць быць прадастаўлены: дакумент з інфармацыяй аб пражыванні спадчынніка на дзень адкрыцця спадчыны або на працягу вызначанага заканадаўствам тэрміну для прыняцця спадчыны па адным адрасе са спадчынадаўцам ці ў спадчынным жылым памяшканні; даведка аб тым, што на працягу вызначанага заканадаўствам тэрміну для прыняцця спадчыны спадчыннік карыстаўся спадчыннай маёмасцю, прыняў меры па яе захаванасці, апрацоўваў участак, рабіў рамонт; дакумент, які пацвярджае расходы на ўтрыманне спадчыннай маёмасці; копія ўступіўшага ў законную сілу рашэння суда аб устанаўленні факта прыняцця маёмасці; іншыя дакументы, якія пацвярджаюць уступленне ў валоданне ці ўпраўленне спадчыннай маёмасцю.

Прыняцце спадчыны мяркуе прыняцце ўсёй маёмасці, а не якіх-небудзь асобных правоў спадчынадаўцы. Калі спадчыннік уступіў у валоданне ці ўпраўленне часткай спадчыннай маёмасці, ён лічыцца прыняўшым усю спадчыну, у чым бы яна ні заключалася, дзе б ні знаходзілася.

Любоў АЎСІЕВІЧ,

натарыус Гродзенскай натарыяльнай акругі



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *