Моладзевыя ініцыятывы – для прэзідэнта

Важнае Свежыя навіны Улада

У Дварцы Незалежнасці адбылася юбілейная сустрэча, прымеркаваная да 100-годдзя камсамола. Удзел у ёй прымалі ветэраны камсамольскага руху і цяперашнія пераемнікі камсамола – актывісты грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з моладдзю, адказаў на шматлікія пытанні, высл ухаў прапановы.

Дзятлаўшчыну на юбілейным мерапрыемстве прадстаўляла першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык. Яна падзялілася ўражаннямі ад убачанага і пачутага.

Было прыемна, што з самага пачатку размовы Аляксандр Рыгоравіч надаў ёй нефармальны тон. Адчувалася, што ён шчыра і адкрыта адносіцца да прысутных у зале, з ім было лёгка размаўляць, усё праходзіла на пазітыве. Прэзідэнт узгадаў сваё камсамольскае юнацтва і нават прадэманстраваў нам камсамольскі білет, які захоўвае да гэтага часу.

Безумоўна, моладзь таксама была актыўнай, спяшалася прапанаваць свае ідэі і заручыцца падтрымкай кіраўніка дзяржавы. Мне асабліва запомнілася і спадабалася прапанова закласці ў кожнай вобласці паркі сямейнага адпачынку, дзе сем’і самі змогуць саджаць і даглядаць дрэўцы. Напрыклад, у маладажонаў ёсць традыцыя вешаць замкі на масты, а чаму б у дзень вяселля ці з выпадку нараджэння дзіцяці ім не пасадзіць дрэўца, а каля яго можна паставіць памятную шыльдачку аб падзеі.

Зацікавіла і выступленне камісара моладзевага атрада “Эўрыка”, які працаваў на будаўніцтве Астравецкай атамнай станцыі. Моладзь расказала, што асноўныя работы на аб’екце завершаны, цяпер справа за вузкімі спецыялістамі, таму “Эўрыка” гатова перабрацца на новы аб’ект. Студатрадаўцы папрасілі выдзеліць ім фронт будучых работ.

Прывабнай і запамінальнай была выстава, з якой мы знаёміліся разам з Аляксандрам Рыгоравічам. Яе спецыяльна да мерапрыемства арганізавалі ў Палацы Незалежнасці ў форме інтэрактыўных пляцовак. Экспазіцыя выставы была прысвечана рабоце Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі на сучасным этапе і тэматычна падзелена на тры накірункі: “Беларусь – крыніца натхнення”, “IТ. Крэатыўная прастора”, “Будучыню Радзімы будаваць маладым”. Кіраўнік дзяржавы пагутарыў з пераможцамі рэспубліканскіх моладзевых конкурсаў і праектаў, удзельнікамі лепшых студэнцкіх і моладзевых атрадаў.

Кранула за душу выкананне камсамсамольскіх песень. Іх мы праспявалі разам з ветэранамі руху і прэзідэнтам, а яго малодшы сын, Мікалай Лукашэнка, акампаніраваў на раялі.

Варта зазначыць, што чырвонай ніткай праз усё мерапрыемства праходзілі тэмы яднання, любові да Радзімы, сяброўства.

Запісала Ірына СТЫРНІК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *