Як спаганяюцца аліменты?

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

У раённым аддзеле ЗАГС праводзілася акцыя па бясплатным кансультаванні шматдзетных маці з удзелам работнікаў прымусовага выканання, спецыялістаў аддзела ЗАГС, адвакатаў і натарыусаў. Шматдзетныя маці, якія звярнуліся да спецыялістаў, атрымалі адказы на розныя прававыя пытанні, якія іх цікавілі.

Пытанне: у маі 2018 года я развялася з мужам, цяпер жыву ў “грамадзянскім шлюбе” з іншым мужчынам, у нас нарадзіўся сын. Ці праўда, што пры рэгістрацыі дзіцяці яго бацькам запішуць былога мужа, хоць ён і не з’яўляецца біялагічным бацькам майго сына, бо не прайшло 10 месяцаў з дня скасавання шлюбу?

Адказвае Вольга Бародзіч, начальнік аддзела ЗАГС Дзятлаўскага райвыканкама: у адпаведнасці з артыкулам 51 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, бацькам дзіцяці, якое нарадзілася на працягу 10 месяцаў з дня спынення шлюбу або прызнання яго несапраўдным, прызнаецца былы муж маці дзіцяці. Аднак у тым выпадку, калі пры рэгістрацыі нараджэння дзіцяці былы муж напіша заяву, што ён не з’яўляецца бацькам дзіцяці, то ў запіс акта аб нараджэнні звесткі пра вашага сужыцеля ў якасці бацькі дзіцяці будуць унесены пасля рэгістрацыі ўстанаўлення бацькоўства ў органе ЗАГС.

Калі вы не хочаце рэгістраваць нараджэнне сына ўтраіх (ваш былы муж, вы і сужыцель), то ваш былы муж можа асабіста не прыходзіць у орган ЗАГС для падачы заявы, якая пацвярджае, што ён не з’яўляецца бацькам дзіцяці, толькі ў тым выпадку, калі яго подпіс на дадзенай заяве засведчаны натарыусам або іншай службовай асобай, якая ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі мае права здзяйсняць натарыяльныя дзеянні.

Пытанне: як спаганяюцца аліменты на ўтрыманне трох непаўналетніх дзяцей?

Адказвае Галіна Прэдка, загадчыца юрыдычнай кансультацыі Дзятлаўскага раёна: згодна з артыкулам 92 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, спагнанне аліментаў на непаўналетніх дзяцей робіцца з іх бацькоў пры адсутнасці Пагаднення аб дзецях, Пагаднення аб уплаце аліментаў, а таксама калі памер аліментаў не вызначаны Шлюбным дагаворам у памеры 50% заробку і (або) іншага даходу бацькоў у месяц, але не менш за 100% бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва. Пры адсутнасці дабравольнага волевыяўлення бацькоў па ўплаце аліментаў на непаўналетніх дзяцей адзін з бацькоў, на чыім утрыманні знаходзяцца дзеці, мае права звярнуцца ў суд з заявай аб спагнанні аліментаў з другога з бацькоў.

Пытанне: як абараняюцца інтарэсы дзіцяці пры раздзеле спадчыны?

Адказвае Любоў Аўсіевіч, натарыус Гродзенскай натарыяльнай акругі: пры раздзеле спадчыннай маёмасці закон абараняе інтарэсы дзіцяці. Так, калі зачаты спадчыннік яшчэ не нарадзіўся, то раздзел спадчыны можа быць праведзены толькі пасля яго нараджэння. Пры раздзеле спадчыннай маёмасці, спадчыннікамі якога з’яўляюцца непаўналетнія, да ўдзелу ў раздзеле запрашаецца прадстаўнік органаў апекі і папячыцельства.

Пытанне: як узбуджаецца выканаўчая вытворчасць аб спагнанні аліментаў?

Адказвае Таццяна Семянюк, начальнік аддзела прымусовага выканання Дзятлаўскага раёна: выканаўчая вытворчасць аб спагнанні аліментаў узбуджаецца на падставе заявы аб узбуджэнні выканаўчай вытворчасці і выканаўчага дакумента, які прад’яўляе спагнаннік. Гэтыя дакументы прад’яўляюцца ў орган прымусовага выканання па месцы жыхарства даўжніка. Заява аб узбуджэнні выканаўчай вытворчасці прад’яўляецца ў пісьмовай форме або форме электроннага дакумента і павінна быць падпісана спагнаннікам або яго прадстаўніком. Да гэтай заявы прыкладаюцца выканаўчы дакумент і даверанасць або іншы дакумент, які пацвярджае паўнамоцтвы прадстаўніка спагнанніка, калі заява аб узбуджэнні выканаўчай вытворчасці прад’яўляецца прадстаўніком. Да заявы могуць прыкладацца іншыя дакументы.

Святлана ГРЫШЫНА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *