Дзень дарожніка – гэта свята тых, хто круглы год забяспечвае ўтрыманне і эксплуатацыю складанай дарожнай гаспадаркі, надзейныя і бяспечныя аўтамабільныя палотны. Дарогі з’яўляюцца адным з найбольш важных элементаў інфраструктуры любога населенага пункта.
Калектыў Дзятлаўскага дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення №119, якое з нядаўняга часу абслугоўвае Дзятлаўскі і Слонімскі раёны, 28 кастрычніка адзначыць прафесійнае свята.
У мінулым годзе арганізацыі споўнілася 60 гадоў, і за такі час работнікамі дарожнай гаспадаркі пройдзены велізарны шлях, назапашаны багаты вопыт. Калектыў унёс вялікі ўклад у развіццё і ўдасканаленне дарожных сетак Дзятлаўскага раёна.
Начальнік ДРБУ-119 Дзмітрый Мазоль упэўнены, што ад вынікаў працы дарожнікаў залежыць настрой людзей: хадзіць па дрэнных дарогах не самы добры варыянт. Арганізацыяй у нашым раёне пабудаваны і адрамантаваны сотні кіламетраў дарог, дзясяткі мастоў, добраўпарадкаваны населеныя пункты, але перад дарожнай галіной часам стаіць шмат новых задач.
Работнікі дарожнай гаспадаркі робяць усё магчымае, каб ездзіць па дарогах раёна было максімальна камфортна і бяспечна, клапоцяцца пра стан дарог пры любых умовах надвор’я. І неважна, пячэ сонца ці наскрозь пранізвае вецер – дарожнікі працуюць амаль палову сутак для таго, каб дарогі на Дзятлаўшчыне былі якаснымі.
Цяпер арганізацыя актыўна рыхтуецца да ўтрымання дарог зімой – закупляе соль, завозіць пясок, наладжвае і рыхтуе да сезона зімнюю тэхніку. Дарэчы, сярод працоўнай тэхнікі сёлета з’явіліся новыя грэйдар і пагрузчык – з імі работа кіпіць больш хутка і якасна. У зімовы час нярэдка ўзнікаюць цяжкасці ў бесперабойным руху аўтадарожнага транспарту. Каб затрымаць снег, які можа ствараць перашкоды руху транспартных сродкаў, уздоўж дарог работнікі ДРБУ-119 своечасова ўстановяць снегаабараняльныя агароджы.
На кожным аб’екце рамонту дарог ці добраўпарадкавання нязменна працуе шмат тэхнікі, але ёсць віды работ, якія выконваюцца ўручную дарожнымі рабочымі. Напрыклад, укладка бардзюраў і тратуарнай пліткі, падрыхтоўка асновы пад асфальт, разроўніванне грунту перад укладкай асфальту, афармленне дарожных адкосаў.
Работнікі Дзятлаўскага ДРБУ-119 сёлета адрамантавалі аўтадарогу «Хадзяўляны–Міроўшчына–Руда Яварская», менавіта там быў праблемны для аўтаруху ўчастак. Паміж вёскамі Накрышкі і Раманавічы аўтамабілям ездзіць было не так проста: ямы, шчэбень і шмат пяску. Хуткасць вадзіцелі легкавікоў зніжалі да мінімуму, каб не пашкодзіць транспарт і засцерагчы сябе.
Па шырыні земляное палатно зрабілі 10-метровым: 7 метраў асфальту, астатняя частка – абочыны з пясчана-жвіровага пакрыцця.
Яшчэ была дэманціравана водапрапускная жалезабетонная труба.
Таксама работнікі ДРБУ-119 з дапамогай грэйдара прафілявалі ўчастак дарогі, якая вядзе да Данілавіцкага кар’ера.
Уся гэта цяжкая работа праводзілася пад кіраўніцтвам галоўнага інжынера Аляксея Гірыка, які аддаў працы ўжо 32 гады. Сёлета да прафесійнага свята ён узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства транспарту і камунікацый.
Будуюць, рамантуюць і абнаўляюць дарожнікі не толькі асфальтныя палотны, але і клапоцяцца аб сваім асноўным рабочым месцы – адміністрацыйным будынку ДРБУ-119. Да зімовага сезона на двух паверхах яны замянілі вокны, цяпер упрыгожваюць фасад будынка.
Акрамя усяго, у Наваельні працуе асфальтабетонны завод, на базе якога функцыянуе выпрабавальная лабараторыя. Яна забяспечвае правядзенне выпрабаванняў і кантроль якасці як прадукцыі ўласнай вытворчасці, так і прывазных матэрыялаў. ДРБУ-119 працуе на трох кар’ерах, на балансе арганізацыі лічыцца амаль 70 адзінак тэхнікі. Актыўная праца была б немагчыма без адказнага падыходу супрацоўнікаў дарожнай гаспадаркі.
Умець складаць, распрацоўваць, афармляць увесь пералік праектных дакументаў павінен інжынер вытворча-тэхнічнага аддзела, і з гэтымі абавязкамі выдатна спраўляецца Алена Лягчыліна. За сваю адказнасць і прафесіяналізм яна атрымала Ганаровую грамату ад камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Гроднааблдарбуд”.
Калектыў Дзятлаўскага дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення №119 складаецца са 130 чалавек, а сярэдні ўзрост работнікаў – 45 гадоў. У арганізацыі высока цэняць прафесіяналаў са стажам, але і да маладых спецыялістаў ставяцца з павагай, навучаюць новаму і дапамагаюць адаптавацца ў прафесіі. Пакуль пачынаючых дарожнікаў няшмат, але кіраўніцтва арганізацыі спадзяецца, што калектыў будзе пашырацца маладымі работнікамі.
Спецыяліст па кадрах ДРБУ-119 Тамара Сівіцкая ведае кожнага работніка, напэўна, як ніхто іншы з калегаў. Сваёй працы яна прысвяціла ўжо 27 гадоў, а сёлета атрымала Ганаровую грамату Дзятлаўскага райвыканкама за адданасць прафесіі.
Таксама ад Дзятлаўскага райвыканкама атрымалі ўзнагароды іншыя спецыялісты з вялікім стажам. Так, Падзячныя лісты заслужылі вадзіцель пагрузчыка Аляксандр Жых і стораж Уладзімір Хілімончык.
Актыўнасць дарожнікаў праяўляецца і ў адносінах адзін да аднаго. Іх дружны калектыў удзячны тым, хто многія гады адпрацаваў у дарожнай галіне, стаяў ля вытокаў арганізацыі, аддаваў свае сілы, веды на карысць працвітання дарожнай гаспадаркі, а цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Дзякуючы ім і іх пераемнікам, дзятлаўчане і жыхары горада адчуваюць бяспеку на мясцовых дарогах.
– Работнікі нашай арганізацыі вопытныя. Аб’ёмы працы ўнушальныя, стараемся іх выконваць згодна з планам. Усё атрымліваецца, – упэўнена гаворыць Дзмітрый Мазоль. А калі ўпэўнена кіраўніцтва, упэўнены і калектыў: яны ведаюць дарогу, таму не спатыкаюцца.
Юлія БАКУНОВІЧ
Са святам!
Рейтинг комментария:00