Забылі дарогу ў аптэку (+відэа)

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

У Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў Дзятлаве наведвальнікі клуба “Нам гады не бяда” і артысты хору ветэранаў адзначылі свята пажылых людзей.

Пачала мерапрыемства загадчыца клуба Галіна Касцюк са словаў павагі да старэйшага пакалення.

Як вядома, калі чалавек выходзіць на пенсію, яго жыццё кардынальна змяняецца. Спыненне працоўнай дзейнасці можа стаць наймацнейшым стрэсавым фактарам, але для пачэсных гасцей свята дрэнны настрой не знаёмы. Іх актыўнаму жыццю можа пазайздросціць нават моладзь, а адкуль бяруцца сілы – ведаюць толькі самі наведвальнікі клуба “Нам гады не бяда”.

Маладыя душой, прыгожыя і энергічныя людзі залатога ўзросту атрымалі благаславенне ад ксяндза-пробашча Здзіслава Пікулы. Ён нагадаў прысутным, якую важную ролю ў жыцці чалавека выконвае вера, і пра гэта больш вядома тым, хто пражыў значны адрэзак жыцця.

 

Жанчыны і мужчыны, якія сустрэліся на агульным свяце, самі для сябе арганізавалі забаўляльную праграму. Паколькі многія з членаў клуба “Нам гады не бяда” спяваюць у хоры ветэранаў, то, вядома, без канцэрта не абысціся. Гучна спявалі “Ветэраны ў страі” пад мастацкім кіраўніцтвам Таццяны Шостка, а ў рэпертуары – толькі пра маладосць, шчасце і каханне. Гэта адлюстроўвае сапраўднае стаўленне да жыцця, нягледзячы на гады.

Павіншаваць віноўнікаў свята прыйшлі прадстаўнікі зусім маладога пакалення, дзеткі з Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. У якасці падарункаў яны перадалі самаробныя паштоўкі і пірог, які пяклі з дапамогай педагогаў.

Інспектар Дзятлаўскага РАНС Дзмітрый Бобін ведае, як няпроста часам бывае пенсіянерам прасачыць за пажарнай небяспекай ва ўласных дамах, таму на мерапрыемстве ён правёў прафілактычную гутарку і растлумачыў, як засцерагчы сябе і сваю маёмасць ад пажараў у ацяпляльны сезон.

Павіншавалі прысутных са святам і запрасілі ў госці  работнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі.

Сустрэча пенсіянераў была па-дамашняму цёплай і сяброўскай. За вялікім святочным сталом яны абмяркоўвалі сваё жыццё, дзяліліся сакрэтамі пазітыўнага настрою, жартавалі і нават спявалі прыпеўкі пра Дзятлаўшчыну.

Адпачывалі маладыя душой так, што кагосьці з іх было не пазнаць знешне.

І не трэба думаць нічога дрэннага: псіхолаг Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вольга Ступчык правяла для жанчын майстар-клас па макіяжы, а для гэтага спатрэбіліся “мадэлі”, рысы твару якіх змянілі ўсяго правільным нанясеннем касметыкі.

А завяршылася мерапрыемства танцамі. Былі і полька, і кракавяк, і прыдуманыя экспромтам.

Нехта з гасцей свята сказаў, што ў аптэку ўжо не пойдзе. А якая там аптэка, калі столькі бадзёрасці, сіл і планаў на будучае?

Юлія БАКУНОВІЧ



1 комментарий по теме “Забылі дарогу ў аптэку (+відэа)

  1. Молодцы. Здоровья вам, долголетия и оптимизма.

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *