Творчыя здольнасці ёсць у кожнага дзіцяці, галоўнае – дапамагчы ім развіцца. Многія хлопчыкі любяць маляваць, майстраваць, прыдумваць гісторыі, амаль усе яны цікавяцца тэхнікай: ваеннай, аўтамабільнай, будаўнічай, авіяцыйнай. Выдатна, што існуе захапленне, якое аб’ядноўвае ў сабе ўсе гэтыя віды творчасці. Такім універсальным заняткам з’яўляецца мадэлізм.
У цэнтры творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава аб’яднанне па інтарэсах “Стэндавы мадэлізм” працуе з 2000 года. Увесь гэты час яго нязменным кіраўніком з’яўляецца педагог дадатковай адукацыі Фёдар Бойка.
– За гэты час у нас было зроблена шмат мадэляў, чатыры разы ў рэспубліцы мы займалі першыя камандныя месцы, – расказвае Фёдар Феафанавіч. – Некаторыя навучэнцы, якія хадзілі да мяне раней, ужо сталі інжынерамі і працуюць на вытворчасці, аднак захапленню свайму не здраджваюць.
Цяпер у мяне займаюцца 78 навучэнцаў 2-11 класаў, некаторыя з іх ужо на працягу некалькіх гадоў. Мы ўдзельнічаем у выставах, конкурсах, спаборніцтвах, самі ладзім Тыдні тэхнічнай творчасці, а ў маі – конкурс на лепшую мадэль у намінацыях “Мадэлі з пластыку”, “Мадэлі з паперы”, “Дыярамы”. Навучэнцы прадстаўляюць мадэлі танкаў, авіятэхнікі, грамадзянскай і пажарнай тэхнікі. Усе работы экспануюцца ў нашым кабінеце на працягу некалькіх тыдняў. Ёсць і камісія, перад якой кожны аўтар “абараняе” сваю мадэль: як яе рабіў, што за мадэль, у якіх гістарычных падзеях удзельнічала. Лепшыя работы пасылаем у Гродна.
У 2017 годзе мы прымалі ўдзел у абласным аглядзе інавацыйнай тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў установаў дадатковай адукацыі. На конкурс выслалі выставу з 10 экспанатаў, два з якіх занялі першае і трэцяе месцы. Яны ж былі выбраны для рэспубліканскай выставы, вынікі якой будуць падведзены ў 2019 годзе. Аўтары гэтых мадэляў – Дзяніс Палховіч і Яраслаў Мудры.
Удзельнічалі мы таксама ў конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці “Тэхнаінтэлект”, у выставе, якая ладзілася на дабрачынным навагоднім свяце з удзелам кіраўніцтва краіны.
На жаль, нашы мадэлі не лятаюць, бо рухавікі каштуюць дорага, інакш, мяркую, прызавых месцаў было б значна больш.
У 2019 годзе будзе адзначацца 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. З гэтай нагоды ў Гродне мяркуецца арганізаваць вялікую выставу ваеннай тэхнікі, да якой мы цяпер актыўна рыхтуемся.
Некалькі словаў пра сваё захапленне згадзіліся сказаць і выхаванцы Фёдара Бойкі.
Дзяніс Палховіч:
– У аб’яднанні займаюся 6 гадоў. Першая мая работа была з пластыку – танк “Т-34”, з якім на раённай выставе творчасці я заняў першае месца. Такой жа паспяховай была і другая мадэль – пластыкавы самалёт. Затым я пачаў майстраваць мадэлі з паперы, сярод якіх футурыстычны “Вертамабіль”, самалёт “У-2”. Цяпер працую над пластыкавым ядзерным бамбардзіроўшчыкам “ТУ-160”. Збіраюся адправіць яго на абласную выставу да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Яраслаў Мудры:
– Захапляюся стэндавым мадэлізмам 4 гады. Пачынаў з папяровых мадэляў, а на наступны год перайшоў на пластык і змайстраваў танкі “ІС-2”, “Т-34-76” узору 1942 года, “Т-34-76” узору 1943 года, а таксама самалёт “ІЛ-4”. Цяпер працую над “Аэракобрай” і японскім знішчальнікам “Зіра”. Хачу зазначыць, што стэндавы мадэлізм не толькі дапамагае развіваць дробную маторыку рук, але і вучыць разбірацца ў схемах, якія даводзіцца адшукваць у Інтэрнэце.
Ірына КАЎКЕЛЬ
И интересно, и полезно
Рейтинг комментария:00
класс
Рейтинг комментария:00