Прафесар з вёскі Гярбелевічы

Галоўнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Дзятлаўская зямля нарадзіла нямала вядомых людзей – паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў, вучоных. Кожны з іх пакінуў пасля сябе не толькі добрую памяць у душах людзей, але і плён сваёй працы. І хочацца, каб пра іх не забываліся.

У верасні спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння Івана Мікалаевіча Белага, прафесара Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, які нарадзіўся ў вёсцы Гярбелевічы. Знайсці звесткі пра Івана Мікалаевіча аказалася не так лёгка. Аднак пасля доўгіх пошукаў удалося здабыць нумар тэлефона яго жонкі Раісы Іванаўны, якая пасля доўгіх перамоў паабяцала перагледзець архіў мужа, нешта адабраць для музея. Наша сустрэча адбылася на пачатку красавіка.

Адчыніла дзверы кватэры высокая сівая жанчына, акуратна апранутая, з прычоскай, з манікюрам. Рухалася, апіраючыся на палачку. Прайшлі ў залу, пачалі разглядаць фотаздымкі, дакументы, навуковыя працы Івана Мікалаевіча. Як аказалася ў працэсе размовы, Раіса Іванаўна не пашкадавала для Дзятлаўскага музея не толькі рэдкіх фотаздымкаў, але і некаторых каштоўных рэчаў прафесара. Яна перадала ў музей ручку з залатым пяром, якую Іван Мікалаевіч атрымаў з нагоды пяцідзесяцігоддзя.

Ад яе даведалася, што рос ён у працавітай сям’і, дзе рэй вяла маці і хацела, каб усе тры яе сыны вучыліся, што Ваня ў сям’і быў самым ціхім, пяшчотным, добра вучыўся, меў вялікую ахвоту да чытання. Расказала выпадак з дзяцінства мужа. У хлопцаў з сям’і Белых не было веласіпеда, а пакатацца вельмі хацелася. І калі да Вані прыязджалі сябры з веласіпедамі, ён даваў ім спісваць дамашняе заданне па матэматыцы, а сам у гэты час катаўся, колькі хацеў.

Калі скончыў школу, паступаў у Львоўскі геолага-разведвальны інстытут, але не хапіла балаў. Тады пайшоў у Мінскі інстытут народнай гаспадаркі, з якім потым звязаў усё сваё жыццё. Тут працаваў, абараніў спачатку кандыдацкую, потым доктарскую, тут узначальваў кафедру, атрымаў званне прафесара. Накірункам яго навуковай дзейнасці быў сабекошт прадукцыі ў сельскай гаспадарцы. Па гэтай тэме напісана шмат прац і падручнікаў для студэнтаў, якімі карыстаюцца і сёння.

– Быў Іван Мікалаевіч вельмі добрым чалавекам. Жылі мы дружна, шчасліва, – расказвае Раіса Іванаўна. – Вучыліся ў адной групе, сябравалі, потым сталі мужам і жонкай. У нас две дачкі, Света і Іра, яны таксама выбралі эканамічныя прафесіі. Старэйшая, Света, ужо на пенсіі. Памёр Іван нечакана і вельмі рана, у пяцьдзясят дзевяць гадоў. Нічога ў той дзень не выдавала, што здарыцца бяда. Быў выхадны дзень. Мы пайшлі шукаць вялікую мяккую цацку для ўнучкі, гулялі па горадзе. І раптам яму стала дрэнна. Выклікалі хуткую дапамогу – інфаркт. Ён і памёр у мяне на руках у бальнічнай палаце. Не шкадаваў сябе – працаваў шмат, без адпачынку.

Размова з Раісай Іванаўнай перайшла ў цёплае, сяброўскае рэчышча. Яна была ўжо згодна з тым, што памяць пра Івана Мікалаевіча павінна захоўвацца на яго малой радзіме і землякі павінны ведаць яго імя.

Развітваліся шчыра. Спытала напрыканцы, ці бывае сям’я на радзіме мужа. У адказ пачула: “Не, не ездзім”. А шкада. Шкада, што так хутка ўсё мінаецца. Дык няхай хоць на некаторы час землякі ўспомняць добрым словам прафесара з вёскі Гярбелевічы Івана Мікалаевіча Белага.

Алена АБРАМЧЫК,
навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея



Теги:

1 комментарий по теме “Прафесар з вёскі Гярбелевічы

  1. Интересно. А ведь мало кто знал об этом человеке. Спасибо газете и сайту.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *