Пісьменніца і журналістка

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Яе добра ведаюць у Дзятлаве. Калі ідзе па вуліцы, з ёю вітаецца амаль кожны сустрэчны. А хадзіць штодзённа ў цэнтр стала правілам жыцця: прывыкла быць сярод людзей, зацікаўлена прыглядацца.

Яшчэ прывычнае – перакінуцца словам з тым, каго даўно не бачыла. Гэта арганічная патрэба душы творчага чалавека, які не можа жыць без уражанняў. У Дзятлаве пра яе кажуць: “Наша Юргілевіч”.

4 верасня гэтага года Леанарда Станіславаўна адзначае свой дзень нараджэння і сваю прыгожую круглую гадавіну. Гадавіна такая дае падставу азірнуцца і згадаць з пачуццём самоты і жалю родную вёску Рагалёўшчына (Валожынскі раён), ранняе сіроцтва, калі не стала мамы, цяжкую недзіцячую працу на гаспадарцы. Затым была школа-інтэрнат у Іўі, у Свіслачы, захапленне словам і першыя літаратурныя спробы. Яны нават прывялі  на абласны семінар маладых пісьменнікаў, які ладзіўся ў Гродне. Здымак з нагоды завяршэння гэтага люднага трохдзённага семінара фіксуе юную школьніцу з тоўстай касой цераз плячо, што ўпэўнена займае месца ў першым радзе, паміж Нілам Гілевічам і Піліпам Пестраком.

Пасля школы трэба было ісці працаваць. А што было ў духоўным багажы? Толькі ўменне пісаць. Так Леанарда Юргілевіч апынулася ў штаце  Дзятлаўскай раённай газеты “Перамога”, якая стала для яе і школай жыцця і лабараторыяй  творчасці. Тут лёс адмераў ёй дзесяцігоддзі працоўных будняў, той рэдакцыйнай цякучкі, якая вучыць нялёгкай прафесіі журналіста. Была, праўда, і завочная вучоба на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Але завяршыць яе не ўдалося па прычынах вельмі сур’ёзных. Тым больш трэба было давесці і сабе, і чытачам, што яна не проста выконвае абавязкі газетчыка. Маючы бясспрэчныя літаратурныя здольнасці, яшчэ і вельмі старалася. Паступова адчула смак журналісцкай працы. Асабліва тады, калі “загаварылі” ў яе самыя розныя газетныя жанры  — нарыс, артыкул, фельетон, рэпартаж, інфармацыйныя матэрыялы. Ганарыцца сваімі фельетонамі і шкадуе, што сённы гэты жанр, па сутнасці, знік са старонак прэсы. Бывала, што аўтарку фельетона, які меў моцны грамадскі рэзананс, выклікалі разам з рэдактарам  “на дыван” і нават пагражалі адміністрацыйнай расправай. Але ж была яна ўжо класнай журналісткай, і ўсё абыходзілася. А колькі чарнавой газетнай работы перарабіла, колькі было паездак ды беганіны па раёне, колькі сустрэч, знаёмстваў, размоў, колькі спісана блакнотаў! Гэта сталася яе жыццём.

Непрыкметна побач з газетнымі матэрыяламі сталі з’яўляцца на свет мастацкія творы – апавяданні, гумарэскі. Ужо раннія творы атрымаліся ў яе арыгінальнымі, падказанымі  ўласным  жыццёвым вопытам і ўласным ладам душы. Леанарда Юргілевіч выпрацавала сваю непаўторную форму малога апавядання і заняла цалкам самастойнае месца ў беларускай літаратуры, дзе паспяхова працавалі ў гэтым жанры  Янка Брыль, Фёдар Янкоўскі, Аляксей Карпюк, Лідзія Арабей. Творы Леанарды Юргілевіч – міні-сцэнкі, насычаныя дзеяннем, часцей дыялогам, вельмі каларытным. Гэта кавалачкі чалавечых лёсаў, убачаныя на нейкім нечаканым павароце, які  раскрывае глыбокую маральна-псіхалагічную сутнасць чалавека. Герой  пісьменніцы нешта раптам вытварае, дзівачыць, робіць нейкі неардынарны жыццёвы крок, які набліжае  персанажа да чытача і прымушае яго задумацца. У гэтым сэнсе мініяцюры  нашай пісьменніцы – урокі жыцця, цікавыя для кожнага. Характэрна, што аўтарка любіць сваіх герояў, абмалёўвае іх са шкадаваннем, спачуваннем, часам з прыхаваным захапленнем. Хаця гэта вельмі  розныя людзі і жывуць кожны па-свойму. Адпаведна танальнасць твораў таксама розная. Можна размежаваць апавяданні на гумарыстычныя, журботна-светлыя, эпічна строгія, драматычна-балючыя.

Выдатная якасць твораў Леанарды Юргілевіч – натуральнасць інтанацый і моўна-фразеалагічных сродкаў, нязмушаны апавядальна-размоўны стыль. Пісьменніца валодае рэдкім чуццём слова, разумеючы, што ў прозе яно гутаркова-звычайнае і разам з тым багатае сэнсавымі і эмацыянальнымі адценнямі. Чытаеш яе апавяданне і ствараецца ўражанне, што  гэта эпізод з рэальнага жыцця, літаральна спісаны з натуры. Гэтай ілюзіі лёгка паддаецца масавы чытач, які не сумняваецца, што Леанарда Юргілевіч апісала рэальнае здарэнне. І, каб задаволіць сваю цікаўнасць, даведацца пра новыя падрабязнасці, пра тое, што ж адбылося далей, пачынае распытваць у суседзяў, знаёмых: а дзе ж гэта было? Такі роспыт, бывала, ланцужком даходзіў да самой пісьменніцы. Вось тут і крыецца адказ на пытанне, а што ж такое – мастацтва, у чым яго глыбінны  сакрэт? А гэта і ёсць здольнасць мастака слова  паднесці ўласны домысел так, каб мы паверылі, што гэта жыццё, што гэта  адбываецца (ці можа адбыцца) з намі і вакол нас.

Высокім літаратурным аўтарытэтам для Леанарды Юргілевіч з’яўляецца наш знакаміты празаік Вячаслаў Адамчык (1933-2001), дарэчы, нараджэнец Дзятлаўшчыны  (з в. Варакомшчына). Перачытвае яго зноў і зноў. Гэта і творчая вучоба, якой, напэўна, не будзе канца. Як не будзе канца і жаданню пісаць.

Сёння Леанарда Юргілевіч па-ранейшаму актыўна працуе як пісьменніца. Рэгулярна друкуе свае творы ў Дзятлаўскай раёнцы “Перамога”, у “Газеце Слонімскай”, у Гродзенскім абласным літаратурным альманаху-штогодніку “Новы замак”. Шмат друкавалася ў часопісе “Вожык”, газеце “Літаратурная Беларусь” і іншых. Выйшлі яе зборнікі прозы “Грэшная душа” (2000),   “Восеньскае танга” (2003), “Доўгі калідор” (2017). Адзначана за літаратурныя дасягненні рэспубліканскай і абласной прэміямі, а таксама спецыяльным дыпломам і прэміяй Амерыканскай кампаніі “Філіп Морыс”. Была ўдзельніцай Усебеларускага фестывалю сатыры і гумару ў Аўцюках, дзе атрымала дыплом “За развіццё традыцый беларускага гумару”.

Літаратура для яе – справа жыцця. Ды ёсць у гэтым жыцці месца і для іншых каштоўнасцяў. І тут нельга абмінуць яе харошых дзяцей – сына і дачку, якіх з мужам выгадавала, вывела ў людзі. Цяпер мае пяцёра ўнукаў, якімі ганарыцца і за якіх няспынна перажывае, як толькі можа перажываць таленавітая асоба, што вельмі  абвострана  рэагуе  на  ўсё благое і добрае. А  яшчэ – кветкі. Яны для Леанарды Юргілевіч – важная  праява прыгажосці жыцця. Кветкі розных гатункаў і колераў растуць каля дома, дзе яна жыве. Калі ж зазірнеце ў кватэру, не зможаце не ўзрушыцца: колькі тут  вазонаў, і амаль усе яны цвітуць. Ёсць тут  высокія, да столі, ёсць зусім маленькія, ёсць знаёмыя па раслінна-дэкаратыўным афармленні іншых памяшканняў. Але большасць – дзівосныя  экзоты, асвоеныя гаспадыняй, якая знаецца на вазонах і любоўна даглядае іх.

Кожны дзень, ва ўсякае надвор’е  яна, Леанарда Юргілевіч, ідзе ў цэнтр горада. Ідзе, каб наведаць бібліятэку, ці пошту, заглянуць на рынак, каб нешта купіць ды пабачыцца з людзьмі. Часцей жа  ідзе проста так, і гэта ёй падабаецца. Крочыць роўнай няспешнай хадой знаёмымі да болю вуліцамі. З выгляду гэтакая элегантная, стыльная. Быць можа, думае пра нешта сваё, творчае. Можа, раптам склалася новае апавяданне. І, здаецца, цікавае. Неўзабаве мы яго прачытаем.

Аляксей  ПЯТКЕВІЧ,
прафесар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *