У верасні 2018 года ўжо пяты год запар праходзіць маштабная рэспубліканская акцыя “Твае першыя фінансы”.
Па ўсёй Беларусі для вучняў 5-х класаў сельскіх і гарадскіх школ праводзяцца ўрокі фінансавай адукаванасці. Дзеці атрымліваюць брашуры на беларускай мове з аповядамі на фінансавую тэматыку.
У мерапрыемстве, якое Белаграпрамбанк праводзіць сумесна з Нацыянальным банкам і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, прымуць удзел каля 103 тысяч беларускіх школьнікаў па ўсёй краіне.
Святочныя мерапрыемствы па фінансавай адукаванасці з атрыманнем брашур “Твае першыя фінансы”, прымеркаваныя да пачатку новага навучальнага года, у 2018 годзе пройдуць ва ўсіх раённых цэнтрах Гродзенскай вобласці.
Гісторыя праекта Белаграпрамбанка па павышэнні фінансавай адукаванасці пачалася з верасня 2014 года. Тады ў рамках гэтай маштабнай сацыяльнай акцыі, якая была накіравана на азнаямленне школьнікаў з асновамі фінансавай адукаванасці, зборнік дзіцячых казак на фінансавую тэму “Твае першыя фінансы” атрымалі каля 25 тысяч навучэнцаў 5-х класаў сельскіх і некаторых гарадскіх школ краіны. У 2015 годзе кнігі атрымалі 88 тысяч пяцікласнікаў, у 2016 – пачатку 2017 года ўладальнікамі фінансавых казак ад Белаграпрамбанка сталі каля 100 тысяч чалавек. З улікам цяперашняй акцыі кнігі па фінансавай адукаванасці атрымаюць каля 350 тысяч школьнікаў.
Брашура “Твае першыя фінансы” ўяўляе сабой ілюстрацыйны зборнік “фінансавых” казак для дзяцей, у якой у цікавай і даступнай форме апавядаецца пра гісторыю з’яўлення грошай, аб карысці і неабходнасці банкаў, пра тое, як правільна карыстацца грашыма, што значыць быць фінансава адукаваным і сучасным, пра тое, што такое ўклады, крэдыты, банкаўская плацежная картка.
Падрыхтавала да друку Таццяна ГРЫЦУК