Мне здаецца, цяжка знайсці чалавека, які не пагадзіўся б з тым, што школьныя гады – самая шчаслівая і незабыўная пара. Гэта першыя поспехі і няўдачы, першае каханне, сапраўднае сяброўства, якое пранясеш праз гады.
Сорак чатыры гады прайшло з той пары, як дваццаць тры юнакі і дзяўчыны Яварскай сярэдняй школы выйшлі ў самастойнае жыццё. На жаль, няма ўжо школы, многія настаўнікі пакінулі зямное жыццё, але было жаданне дакрануцца да сцен будынка, паглядзець на вокны, з якіх некалі даносіўся шчаслівы дзіцячы смех, клікаў выпускнікоў 1974 года.
І вось доўгачаканая сустрэча. Мы не маглі стрымаць слёзы радасці. Былыя аднакласнікі з’язджаліся з розных куткоў Беларусі на сваю малую радзіму, якая выгадавала нас, дала веды, навучыла любіць і паважаць людзей. Пасля памятнага фота ля будынка школы (дарэчы, яму ўжо больш за 100 гадоў), мы накіраваліся на мясцовыя могілкі, дзе спачываюць нашы дарагія настаўнікі. Соф’я Аляксандраўна Гульнік – настаўніца беларускай мовы і літаратуры, наш класны кіраўнік да восьмага класа. Яна была вельмі сціплым і па-мацярынску пяшчотным чалавекам. На яе ўроках мы далучаліся да цудоўнай, мілагучнай мовы нашых продкаў, пранікаліся любоўю да роднага краю. Непадалёк пахавана Валянціна Іванаўна Халецкая, настаўніца фізікі, наш класны кіраўнік у старэйшых класах, якая выпраўляла нас у дарослае жыццё. Дзякуючы Валянціне Іванаўне, мы палюбілі такі складаны прадмет, як фізіка. Кожны з нас выказаў словы ўдзячнасці гэтай цудоўнай жанчыне, якая так рана пайшла з жыцця.
Наведалі магілу і нашай настаўніцы рускай мовы і літаратуры Валянціны Фёдараўны Бондаравай, якая была проста ўлюбёная ў свой прадмет і прывівала нам любоў да кнігі.
Самыя цёплыя словы чуліся ля магілы Баляслава Іосіфавіча Канановіча – настаўніка фізічнай культуры і пачатковай ваеннай падрыхтоўкі. Дзякуючы яму, Яварская школа “грымела” на ўвесь раён сваімі спартыўнымі дасягненнямі. Заўсёды з гумарам, ён нас натхняў і падбадзёрваў.
Ушанавалі памяць і настаўніцы матэматыкі Ганны Юльянаўны Герасімовіч. Вельмі строгая і патрабавальная, яна дала нам веды, якія дапамаглі многім паспяхова здаць уступныя экзамены.
Наведалі магілы і ўсклалі кветкі двум нашым аднакласнікам – Канстанціну Міклашу і Івану Буйко.
Далей наша сустрэча працягнулася ў рыбацкім доміку на беразе Яварскага возера. Вельмі цікава было даведацца аб кожным: як склаўся лёс, пра сям’ю. Большасць ужо на пенсіі, але сярод нашага выпуску былі і настаўнікі, і медыкі, і інжынеры, і работнікі сельскай гаспадаркі. Было вельмі радасна ад таго, што кожны правільна выбраў сваю сцяжынку, стварыў сем’і, а цяпер усю любоў аддае сваім дзецям і ўнукам. Выслухалі кожнага, рады былі за поспехі, гаварылі шмат, успаміналі гісторыі са школьнага жыцця. Мы ўспомнілі школьныя вечары, выезд агітбрыгад, якія арганізоўвала завуч па выхаваўчай рабоце Яварскай школы Раіса Уладзіміраўна Лакіза, урокі хіміі, якія праводзіла Таццяна Міхайлаўна Макулін, урокі нямецкай мовы з Нінай Канстанцінаўнай Юдэнка. Вельмі шкада, што на сустрэчы не магла прысутнічаць наша дарагая Алена Іванаўна Шомба, завуч школы, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства. Дзякуючы ёй, я сама абрала прафесію настаўніка гісторыі і ніколі аб гэтым не пашкадавала.
Мы дзякуем вам за ўсё, дарагія нашы настаўнікі. Развітваючыся, мы не гаварылі адзін аднаму бывай, а гаварылі – да сустрэчы.
Лідзія ЛЯЎКЕВІЧ