Навучаць дзяцей заўважаць прыгажосць

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Сёлета калектыў Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі горада Дзятлава папоўніўся двума маладымі спецыялістамі.

На першае месца работы сюды ўладкаваліся педагогі дадатковай адукацыі Яўген Горбач і Маргарыта Чыс. Яны ўжо вызначыліся, у якія аб’яднанні па інтарэсах запросяць навучэнцаў, якія цікавыя і карысныя захапленні ім прапануюць. Аднак мы папрасілі маладых людзей падзяліцца не толькі прафесійнымі, але і жыццёвымі планамі.

Яўген Горбач:

–  Я ўраджэнец Дзятлаўскага раёна, па размеркаванні вярнуўся са сталіцы ў родныя мясціны пасля заканчэння факультэта прыродазнаўства БДПУ імя Максіма Танка. У Цэнтры буду кіраўніком аб’яднанняў па інтарэсах “Экалагічны экспрэс” для навучэнцаў 8-10 гадоў і “Фота праз аб’ектыў” для вучняў ва ўзросце 10-12 гадоў. Усяго мае заняткі будуць наведваць 30 дзяцей.

З дапамогай аб’яднання “Экалагічны экспрэс” хачу “пасеяць зернейка” любові да роднай прыроды ў сэрцах сваіх навучэнцаў, расказаць ім пра здаровы лад жыцця.

“Фота праз аб’ектыў” навучыць іх выкарыстанню інфармацыйных тэхналогій, аднак і тут мы не абмінём тэму прыгажосці і багацця беларускай прыроды, бо фотаматэрыялы збіраемся назапашваць, фатаграфуючы родныя краявіды, гарадскія пейзажы. Пасля, вядома, навучымся апрацоўваць фотаздымкі з дапамогай фоташопа. Безумоўна, у маіх працоўных планах – удзельнічаць з навучэнцамі ў творчых конкурсах і выставах рознага ўзроўню. Спадзяюся, нашы намаганні прынясуць нам першыя перамогі.

У калектыве я ўжо поўнасцю асвоіўся, бо старэйшыя калегі сустрэлі добразычліва, ахвотна дзеляцца вопытам, падказваюць, дапамагаюць, за што ім вялікі дзякуй. Станоўча вырашаны і бытавыя пытанні: жыллём у райцэнтры я забяспечаны.

Што тычыцца жыццёвых перспектываў, то спыняцца на дасягнутым не хачу. Мяркую развівацца ў біялагічнай прафесіі і стаць эколагам або фармацэўтам. Шмат увагі надаю самаадукацыі: сярод маіх захапленняў – вывучэнне замежных моваў і праграмавання.

   Маргарыта Чыс:

– Родам я з горада Ваўкавыска, дзе скончыла педагагічны каледж імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Абслугоўваючая праца і выяўленчае мастацтва”. На Дзятлаўшчыну трапіла па размеркаванні, прывыкаю да новага жыцця. Ваш раённы цэнтр мне спадабаўся: невялікі, кампактны, утульны гарадок. Спадабаўся і працоўны калектыў. Тут людзі чулыя і творчыя, адчуваецца ўзаемападтрымка.

Я буду кіраўніком аб’яднанняў па інтарэсах “Акварэлька” для дзяцей 6-10 гадоў і “Школа моды” для навучэнцаў 6-7 класаў. З наведвальнікамі “Акварэлькі” будзем вучыцца маляваць, а выхаванцаў “Школы моды” пастараюся навучыць правільна хадзіць, падабраць свой стыль у адзенні, будзем ладзіць фотасесіі – адным словам, гэта “курс” для маленькіх лэдзі і джэнтэльменаў.

Сярод маіх жыццёвых планаў – атрымаць вышэйшую адукацыю. Праўда, я яшчэ не вырашыла, па педагагічным ці іншым профілі. Думаю, часу прыняць такое рашэнне ў мяне будзе дастаткова, калі займуся практыкай. Збіраюся развівацца і як мастак, паспрабаваць і асвоіць новыя тэхнікі малявання. Увогуле, настрой аптымістычны.

Ірына КАЎКЕЛЬ



3 комментария по теме “Навучаць дзяцей заўважаць прыгажосць

  1. Если отучите моих детей от компов и телефонов, то считайте, что вы профессионалы

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *