Галіна Чура – жанчына-лідар і жанчына-берагіня

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Ці задумваліся вы хоць аднойчы, у чым можа праявіцца талент чалавека? Безумоўна, у розных відах мастацтва, у літаратуры, архітэктуры, іншых сферах дзейнасці.

Але самы яркі прыклад талента, на маю думку, – гэта ўменне быць запатрабаваным. Такое ўменне ў поўнай меры характэрна для жанчыны, якую на Дзятлаўшчыне ведаюць як актыўнага грамадскага дзеяча і проста чулага чалавека, не здольнага прайсці міма чужой бяды.

Актывістка і камсамольскі лідар

Галіна Чура – адна з лідараў колішняга камсамольскага руху нашага раёна, “Выдатнік народнай асветы 1982 года”, лаўрэат узнагародаў рэспубліканскага і ўсесаюзнага камсамола, урада былога СССР, найбольш значныя сярод якіх – значок ЦК ВЛКСМ “За актыўную работу ў камсамоле”, медаль Прэзідыума Вярхоўнага савета СССР “За працоўную доблесць”. Яшчэ Галіна Мікалаеўна – актывістка, былы кіраўнік і “Ганаровая старшыня” раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, дэлегат ІІ Усебеларускага народнага сходу, стэпендыятка прэміі абласнога Саюза жанчын 2007 года. У 2011-ым яе заслугі чарговы раз былі заўважаны і ацэнены – Галіна Мікалаеўна ўдастоена звання “Жанчына года Рэспублікі Беларусь” у намінацыі “За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці”.

Радуе, што ўсе гэтыя дасягненні і знакі пашаны не змянілі характар нашай зямлячкі. Яна па-ранейшаму застаецца простым, дасціпным чалавекам. Многія дзятлаўчане не аднойчы звярталіся да Галіны Мікалаеўны па дапамогу ці слушныя парады, і ні адзін зварот яна не пакідала без увагі.

Праца – пуцёўка ў жыццё

Адкуль у Галіны Чуры ўсе пералічаныя якасці, спытаеце вы. Іх вытокі можна адшукаць у сям’і і бацькоўскім выхаванні.

– Я нарадзілася ў маляўнічым куточку Дзятлаўшчыны, у вёсцы Яцукі, – дзеліцца фактамі сваёй біяграфіі Галіна Мікалаеўна. – Бацькі мае – простыя працаўнікі-калгаснікі. У сям’і нас гадавалася трое: старэйшы брат, я і на сем гадоў малодшая сястра. Усім даводзілася шмат працаваць па гаспадарцы. Нялёгкая паўсядзённая праца навучыла мяне дысцыплінаванасці і адказнасці, узрасціла ў душы стойкае жаданне імкнуцца да пастаўленых мэтаў. Яшчэ маленькай дзяўчынкай я вырашыла для сябе, што абавязкова памяняю жыццё да лепшага. Як? Вядома, з дапамогай вучобы. Таму ўжо ў школе старанна ўзялася за асваенне ведаў.

У школьныя гады Галіна была не толькі стараннай вучаніцай, але і актывісткай. У шэрагі камсамолу яна ўступіла ў сёмым класе. Як іншыя маладыя людзі вытрымала сурёзны іспыт. Уражанні ад іспыту ў колішніх камсамольцаў заставаліся на ўсё жыццё: урачыста-сур’ёзная атмасфера, патрабавальна настроеныя камсамольскія лідары, хваляванне пры адказе на пытанні аб гісторыі арганізацыі, накірунках яе дзейнасці, слаўных камсамольцах-героях.  Пазней, у 1977-1987 гадах, калі Галіна Мікалаеўна ўжо сама была сакратаром-загадчыцай аддзела школьнай моладзі і піянераў Дзятлаўскага райкама ЛКСМ Беларусі, ёй даводзілася прысутнічаць на падобных “экзаменах”, і яна прызнаецца, што старалася падказваць “навабранцам”, разумеючы, наколькі яны хвалююцца ў гэтыя хвіліны.

Лёгкіх шляхоў не шукалі

Кар’еру моладзевага лідара Галіна Мікалаеўна пачынала ў 1970 годзе ў Малавольскай васьмігадовай школе, куды прыйшла працаваць піянерважатай, затым была настаўніцай і сакратаром камсамольскай пярвічкі, а ў 1976 годзе яе запрасілі на пасаду загадчыцы аддзелам школьнай моладзі і піянераў Дзятлаўскага райкама ЛКСМ Беларусі.

– Працоўныя будні камсамольскага актыву раёна былі насычанымі, – узгадвае Галіна Мікалаеўна. – Калі ішлі выбары, мы ўвогуле працавалі ад цямна да цямна. Было складана, бо камітэт не меў уласнага транспарту, плюс вялікі дакументаабарот, і гэта без сучасных камп’ютараў, а таксама ненармаваны рабочы дзень, пакуль не выканаем тое, што неабходна. Затое магу з упэўненасцю сцвярджаць, што ўсе свае камсамольскія ўзнагароды я зарабіла сумленна, страннай працай і настойлівасцю. А лёсу застаюся ўдзячнай, што на працоўным шляху пасылаў мне добрых людзей.

На той час я была адзінай жанчынай у раённым апараце, аднак дыскамфорту ад гэтага не адчувала: у нас склаўся дружны, згуртаваны калектыў. Райкам камсамола быў надзейным органам, адладжанай сістэмай. У моладзевыя аб’яднанні прымалі не ўсіх адразу. Спачатку – самых дастойных. Для школьнікаў гэта былі ўрачыстыя, жаданыя, даўгачаканыя моманты жыцця. Моладзь тых часоў мела стойкія ідэалы, да якіх шчыра імкнулася. Лёгкіх шляхоў мы не шукалі, перад цяжкасцямі не саступалі.

Затое лепшых піянераў і камсамольцаў вылучалі для ўдзелу ў прэстыжных усесаюзных мерапрыемствах, сярод якіх “Зарніца”, “Скураны мяч”, “Арляня”. Туды прыязджалі сакратары цэнтральнага камітэта, вядомыя артысты. Такія сустрэчы запаміналіся на ўсё жыццё.

Выніковы вопыт камсамольскай дзейнасці дапамог Галіне Мікалаеўне ў 1987 годзе падняцца на новую прыступку – з гэтага часу па 1991 года яна займала пасаду кансультанта кабінета палітасветы Дзятлаўскага райкама Камуністычнай партыі Беларусі.

У 1991-1993 гадах Галіна Чура перайшла працаваць упаўнаважаным Гродзенскага абласнога філіяла пенсійнага фонду СССР па Дзятлаўскім раёне. Затым, ужо ў Незалежнай Беларусі, да самага выхаду на пенсію яна ўзначальвала Дзятлаўскі раённы аддзел Гродзенскага абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва.

Ствараць атмасферу дабрыні і прыгажосці 

Яшчэ будучы ў камсамоле, Галіна Мікалаеўна пачала працаваць у грамадскай арганізацыі жансавета. Яна і да гэтага часу з’яўляецца актывісткай і “Ганаровай старшынёй” раённай арганізацыі ГА “БСЖ”, якую, дарэчы, узначальвала больш за 20 гадоў.  З Галінай Чурой часта можна сустрэцца на ўрачыстых і дабрачынных мерапрыемствах, у якіх удзельнічае жансавет.

Цікаўлюся ў Галіны Мікалаеўны, што звычайна стараецца данесці да людзей.

– Вучу, што трэба ўмець дараваць, не трымаць зла на іншых. Калі пазбавіцца ад гэтых дрэнных звычак, жыццё стане больш цікавым і спакойным. Варта навучыцца рабіць людзям дабро, якое пасля абавязкова вяртаецца. Трэба больш усміхацца, любіць жыццё.

У маім жыцці было багата выпрабаванняў, але я ўдзячна Богу, што побач заўжды прысутнічаюць добрыя людзі, якія падтрымліваюць словам і справай.

Мая радасць – дачка Вольга і ўнучка Ксенія, а жыццёвае крэда – рабіць людзям дабро. “Расточкі” чуласці і дабрыні заўважаю ў характары Ксеніі, спадзяюся, што яны прарастуць, дадуць добры плод.

Варта зазначыць, што Галіна Чура не скараецца злу, як жанчына-берагіня яна змяняе да лепшага свет вакол сябе і сваіх родных, захоўвае трывалыя сяброўскія сувязі, стварае прыгажосць. Некалькі гадоў таму яна зацікавілася рухам “Гаспадыня сядзібы – гаспадыня краіны” і ў Год малой радзімы разам з мужам актыўна акультурвае дом і ўчастак у вёсцы Хадзяўляны, якія засталіся ад маці. Мне пашанцавала трапіць сюды ў верасні, калі абапал дарожак і на шматлікіх клумбах зацвілі аксаміткі і цыніі, іншыя восеньскія кветкі. У спалучэнні з яркімі казачнымі персанажамі, якія па-майстэрску намалявала для Галіны Чуры яе блізкая сяброўка Іна Яўсейчык, яны даюць адчуванне “пагружэння” ў прыгажосць.

Вось колькі яркіх граняў у асобе Галіны Чуры, магчыма, іх значна больш. І яны могуць стаць прыкладам, пуцяводнымі зоркамі і для нас з вамі.

Ірына КАЎКЕЛЬ



2 комментария по теме “Галіна Чура – жанчына-лідар і жанчына-берагіня

  1. Вот какая женщина, сколько наград. Молодец. Участок действительно красивый.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *