Ад панскай Польшчы да нашых дзён (Жыццёвы шлях Валянціны Абрамчык)

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Жыхарка вёскі Міроўшчына Валянціна Сямёнаўна Абрамчык (у дзявоцтве – Барысевіч) пражыла доўгае, поўнае выпрабаванняў жыццё, добра памятае той час, калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад панскай Польшчы, шмат можа расказаць пра жахі Вялікай Айчыннай вайны і нялёгкія пасляваенныя гады.

Цяпер Валянціна Сямёнаўна, якая ў верасні сёлетняга года рыхтуецца адсвяткаваць сваё 95-годдзе, жыве з дачкой Аленай Сяргееўнай Сарокінай і ўпэўнена, што яе даўгалецце – заслуга ў тым ліку і дачкі, якая старанна клапоціцца аб матулі, сочыць за станам яе здароўя.

Нарадзілася Валянціна Сямёнаўна ў 1923 годзе на хутары Язоўчык, які тады знаходзіўся недалёка ад вёскі Аляксандравічы. У сям’і бацькоў гадаваліся чацвёра дзяцей, трое з якіх – дзяўчаты. Валянціна, другая па старшынстве, паспела скончыць чатыры класы польскай школы, што знаходзілася ў Жыбартах, пакуль яе старэйшая сястра не выйшла замуж у Пушчу Ліпічанскую. Прадоўжыць вучобу далей не было магчымасці, таму што бацька дзяўчыны, які быў чалавекам адукаваным і вучыў па хатах дзяцей, моцна хварэў. На плечы дачкі, якая пасля ад’езду сястры засталася старэйшай сярод дзяцей, ляглі клопаты па гаспадарцы. Валянціне даводзілася шмат працаваць, у тым ліку выконваць мужчынскую работу: гараць, малаціць, вазіць дровы.

Пытаюся ў Валянціны Сямёнаўны, ці памятае паноў Стравінскіх, ці даводзілася бачыць іх, і атрымліваю станоўчы адказ.

– Не раз бачыла Яна Стравінскага. Ён часта праязджаў на сваім аўтамабілі каля нашага хутара, калі ездзіў на спіртзавод. З блізкай адлегласці бачыла пана, калі замест старэйшай сястры, якая параніла віламі нагу, хадзіла садзіць лес. У нашай мясцовасці жыла жанчына Кацярына Курыла, дык яна служыла ў маёнтку пры паненцы. Расказвала, што паненка была добрай, шкадавала людзей. На той час было шмат жабракоў, і пані Стравінская карміла іх, давала з сабой харчы – не скупілася.

Згодна з гістарычнымі данымі, апошнім гаспадаром Міроўшчынскага маёнтка быў Ян Стравінскі. Для таго часу ён з’яўляўся чалавекам перадавым: самастойна вёў гаспадарчыя справы і дасягнуў вялікіх поспехаў. У сельгасвытворчасць укараняў лепшыя для пачатку ХХ стагоддзя тэхналогіі. Напрыклад, у Міроўшчыне захавалася многагектарная дрэнажная сістэма, створаная Стравінскім. Менавіта Ян заснаваў спіртзавод у Парэччы. Усё гэта дапамагала яму быць паспяховым гаспадаром. Ян Стравінскі, у адрозненне ад свайго брата Станіслава з Накрышак, быў вельмі заможны і па-сапраўднаму дасведчаны. На той час у яго ўжо меўся ўласны аўтамабіль. Менавіта на ім у верасні 1939-га  Ян Стравінскі з сям’ёй, ратуючыся ад бальшавікоў, пакінуў маёнтак. У 1941 годзе маёнтак у Міроўшчыне быў спалены, а прыгожы парк і ўязная брама дагэтуль нагадваюць пра сваіх былых уладальнікаў.

Дні пасля ад’езду Яна Стравінскага Валянціна Сямёнаўна ўзгадвае так:

– Мясцовыя жыхары хадзілі ў сядзібу, хапалі, хто што мог. Ганак маёнтка быў абкладзены кафляй, дык садралі і яе. Адзін мужчына з Гірычаў забраў з сядзібы жалезную печку: узваліў яе сабе на плечы і нёс аж дахаты, праўда, праз месяц памёр – надарваўся.

У хуткім часе пасля далучэння Заходняй Беларусі да былой БССР пачалася Вялікая Айчынная вайна, якая моцна змяніла жыццё мірнага насельніцтва. На яе франтах і на акупіраванай тэрыторыі загінулі многія нашы землякі. Вайна выпрабоўвала людзей на трываласць, палохала непрадказальнасцю і голадам. Аднак Валянціна Сямёнаўна расказвае, што іх сям’я нястачы харчовых прадуктаў не адчувала. Справа ў тым, што незадоўга да ваенных дзеянняў Барысевічы здолелі зрабіць запас харчовых прадуктаў: змалолі крупы і схавалі іх у вялікім куфры. А вось з небяспекай для жыцця і рызыкай аказацца на прымусовых работах у Германіі родныя і сама Валянціна сутыкаліся не раз, праўда, лёс іх бярог.

Вось некаторыя ўспаміны аб Вялікай Айчыннай вайне, якімі падзялілася Валянціна Сямёнаўна:

– У Германію найчасцей гналі моладзь, сямейных не чапалі. Cястра прывезла да нас на хутар сваю двухгадовую дачку, маю хрэсніцу. Дзяўчынку навучылі называць мяне “мамай” і пры з’яўленні чужых крычаць: “Не чапайце маю маму!”. Вядома, многія здзіўляліся, чаму бацькі так рана выдалі мяне замуж, на што тата адказваў: у гаспадарцы патрэбен быў мужчына, каб апрацоўваць зямлю.

Сама сястра па-ранейшаму жыла ў Пушчы Ліпічанскай, а гэта быў партызанскі край, куды немцы да некаторага часу баяліся сунуцца.

Нямецкі штаб знаходзіўся ў Жыбартах. Мясцовых жыхароў, якія мелі коней, немцы прымушалі ездзіць па “метры” (так называлі нарыхтоўку дроваў, бо норма складала 6 кубічных метраў). Памятаю, у мяне нарывала нага, а я паехала на лесасеку ў Лудзічы. Каб прыехаць на возе, а не ісці пешшу, паклала менш дроваў. Назаўтра да нас наведаўся швагер, і сусед, дзядзька Міша, расказаў яму пра маю балячку, прапанаваў выканаць норму за мяне. На бяду, нехта данёс, што швагер з Пушчы – “партызан”. Яго схапілі. На шчасце, я дадумалася, як выратаваць сваяка: папрасіла суседа быць сведкам, што швагер даўно жыве ў нас у прымаках. Разам з дзядзькам Мішам з’ездзілі ў штаб у Жыбарты, паказалі немцам квіток за нарыхтаваныя дровы – швагра адпусцілі.

У наступны раз смерць пагражала маёй сястры. Пачалася карная аперацыя па знішчэнні партызан у Пушчы Ліпічанскай. Мужчыны пахаваліся далёка ў лес, а жанчыны не паспелі. Сястра сядзела пад дрэвам і карміла сына-немаўля. Да яе падышлі два немцы, адзін наставіў аўтамат, другі пачаў яму нешта казаць. Сястра зразумела толькі слова “кіндэр” – дзіця. Адчувала, што іх з сынам хочуць забіць, таму адвярнулася спінай да ворагаў. Немцы доўга спрачаліся, але так і не выстралілі.

У час вайны забралі ў Германію і будучага мужа Валянціны – Сяргея Абрамчыка. Спачатку яго трымалі ў фільтрацыйным лагеры, амаль не кармілі, многа людзей тады памерла. У лагер прыходзілі баўэры, каб выбраць для сябе работнікаў. Бралі на дзень-два і вярталі. Сяргей расказваў жонцы, як аднойчы яго з іншым хлопцам узялі наводзіць парадак у склепе, дзе захоўваліся “катушкі” масла. Напарнік не вытрымаў, з’еў адну з іх і памёр у пакутах (пасля моцнага голаду арганізм чалавека не здольны засвоіць шмат ежы).

Пазней Сяргей трапіў да немца-гаспадара ў майстэрню, дзе рамантавалі самалёты. Немец быў добрым чалавекам, дзякуючы якому выжылі многія работнікі. Ён намазваў тлушчам лусты хлеба, хаваў іх у шуфляды, а пасля адсылаў хлопцаў, нібыта за інструментам – так удавалася падмацоўваць сілы.

Пасляваеннае жыццё пачалося з напружанай працы. Валянціна Сямёнаўна расказвае, што вёскі пачалі аб’ядноўвацца ў калгасы. Іх гаспадарку стварылі Аляксандравічы, Жыбарты, Хвінявічы, Пацаўшчына. Вяскоўцы аддавалі ў калгас коней, а кароў аднекуль прывезлі (хутчэй за ўсё, гэта былі жывёліны, у свой час вывезеныя ў Германію). Некаторы час Валянціна Сямёнаўна працавала ў калгасе, а пасля захварэла: пачалі аднімацца ногі, відаць, нагадвала аб сабе ранейшая непасільная праца. Жанчына доўга лячылася, затым працавала вартаўніком у Міроўшчынскай сельгастэхніцы. Муж Сяргей пасля вайны быў кладаўшчыком на мясцовай МТС, затым таксама працаваў у цэху сельгастэхнікі.

У Абрамчыкаў нарадзілася трое дзяцей, але сын памёр. Дачка Алена, з якой жыве Валянціна Сямёнаўна, працавала загадчыцай Міроўшчынскай бібліятэкі і ў свой час займалася зборам звестак аб гісторыі роднай вёскі. Другая дачка – Ганна – была настаўніцай у Данілавіцкай школе.

Калі пытаюся ў Валянціны Сямёнаўны Абрамчык, у чым сакрэт яе даўгалецця, у адказ чую: на гэта – воля Бога, а яшчэ бабуля дадае, што дактары мяркуюць, быццам такі працяглы век бывае ў людзей, якія многа і цяжка працавалі. Дзед Валянціны Сямёнаўны па матчынай лініі – Амбражэй – таксама пражыў амаль сто гадоў, відаць, доўгажыхарству спрыяюць і гены. Але для нас, сучаснікаў, намнога важней тое, што людзі сталага веку з’яўляюцца сведкамі мінуўшчыны і могуць шмат цікавага расказаць пра свой лёс, які цесна звязаны з гісторыяй нашай малой радзімы.

Ірына КАЎКЕЛЬ



Теги:

7 комментариев по теме “Ад панскай Польшчы да нашых дзён (Жыццёвы шлях Валянціны Абрамчык)

  1. Очень интересно. Бабуле хорошего самочувствия и крепкого здоровья!

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

  2. Я знакома с Валентиной Семёновной. Секрет её долголетия в доброте душевной.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *