Інфармацыйная група старшыні райвыканкама Аляксандра Дубовіка сустрэлася з працоўнымі калектывамі Наваельнянскага сельскага савета: ААТ “Наваельнянскі КХП”, базы хімічнай прадукцыі ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, мясцовых установаў адукацыі, РУП ЖКГ, Дома культуры, бальніцы і іншых арганізацый.
У час сустрэчы разглядаўся шэраг сацыяльна значных пытанняў.
Па пытанні “Папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх у пажаранебяспечны асенне-зімовы перыяд” выступіў намеснік начальніка аддзела МНС Сяргей Казушчык:
– За восем месяцаў бягучага года ў рэспубліцы адбыўся 4031 пажар, загінулі 309 чалавек, з іх 7 дзяцей. У Гродзенскай вобласці за аналагічны перыяд зарэгістравана 595 пажараў, загінулі 33 чалавекі, з іх 1 дзіця.
Асноўным месцам узнікнення пажараў па-ранейшаму застаецца жылы сектар. Пераважнай прычынай гібелі людзей ад пажараў у жыллёвым фондзе з’яўляецца няведанне або грэбаванне людзьмі мерамі бяспекі.
З надыходам асенне-зімовага перыяду павялічваецца колькасць пажараў і гібелі на іх людзей, у першую чаргу, з-за парушэння правілаў эксплуатацыі электраабагравальных прыбораў і ацяпляльных печаў.
Аднак неабходна адзначыць, што з 2002 года ў рэспубліцы дзякуючы аўтаномным пажарным апавяшчальнікам былі выратаваны больш за 2000 чалавек. За 8 месяцаў 2018 года ў Гродзенскай вобласці зафіксавана 7 фактаў станоўчай спрацоўкі такіх апавяшчальнікаў.
Па-ранейшаму вострым застаецца пытанне бяспекі жыццядзейнасці дзяцей, якое залежыць ад умення дарослых прадбачыць і папярэдзіць няшчасце. Ратаўнікам вядомыя выпадкі, калі і 15 хвілін без нагляду было дастаткова, каб дзіця трапіла ў небяспечнае становішча.
Супрацоўнік МНС заклікаў выконваць меры бяспекі і быць зацікаўленымі ў своечасовым правядзенні прафілактычных мерапрыемстваў электра- і газаабсталявання з удзелам спецыялістаў, адказна ставіцца да ўласнай бяспекі.
Пра асноўныя напрамкі развіцця і ўдасканалення сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі паведаміў галоўны інжынер РУП ЖКГ Станіслаў Кучынскі:
– У бліжэйшай перспектыве работа ЖКГ будзе сканцэнтравана на наступных напрамках: цеплавая мадэрнізацыя жыллёвага фонду, паляпшэнне якасці пітной вады, укараненне новых падыходаў да абыходжання з бытавымі адходамі, правядзенне справядлівай тарыфнай палітыкі, выкарыстанне мясцовых відаў паліва, павышэнне якасці і даступнасці ўсіх відаў жыллёва-камунальных паслуг, зніжэнне выдаткаў і прыцягненне інвестыцый, удасканаленне тарыфнай палітыкі ў сферы аказання паслуг, паляпшэнне работы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў.
Пра садзейнічанне занятасці насельніцтва расказала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Алена Васкель:
– Па даных органаў статыстыкі, з 2011 года колькасць насельніцтва Дзятлаўскага раёна паменшылася больш чым на 3 тысячы чалавек і складае 24,4 тысячы чалавек. У большай ступені назіраецца зніжэнне колькасці насельніцтва ў працаздольным узросце. Узровень беспрацоўя ў раёне складае 0,5%, назіраецца памяншэнне колькасці зваротаў у службу занятасці па садзейнічанне ў працаўладкаванні, адпаведна памяншаецца колькасць зарэгістраваных беспрацоўных.
Калі ў цэлым прааналізаваць сітуацыю на рынку працы на тэрыторыі нашага раёна, то тут адзначаецца наяўнасць наступных праблем: зніжэнне колькасці насельніцтва, у тым ліку ў працаздольным узросце, дысбаланс попыту і прапаноў рабочай сілы, нізкі ўзровень аплаты працы, нізкія тэмпы стварэння новых рабочых месцаў у малым і сярэднім бізнэсе, захаванне прымусовай няпоўнай занятасці.
На хвалюючыя пытанні грамадзян і магчымасці іх рашэння адказалі старшыня райвыканкама Аляксандр Дубовік, вядучыя спецыялісты, удзельнікі інфармацыйна-прапагандысцкай групы. Актуальнымі сталі пытанні паляпшэння якасці пітной вады ў гарадскім пасёлку, своечасовы адвоз смецця ад кантэйнераў для раздзельнага збору смецця, тэрміны правядзення капітальнага рамонту шматкватэрных дамоў, добраўпарадкаванне падведамаснай тэрыторыі сельвыканкама. Самыя вострыя пытанні былі ўзяты на кантроль.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ