Для прафілактыкі на Дзятлаўшчыне выкарыстоўваецца шэраг эфектыўных формаў работы з грамадзянамі. Сярод іх – пасяджэнні саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку пры сельскіх выканаўчых камітэтах.
На гэты раз удзельнікам семінару расказалі аб прафілактычнай дзейнасці ў Парэцкім сельскім савеце. На пасяджэнне савета ГПАП запрасілі жыхароў, якія злоўжываюць алкагольнымі напоямі, па кожным з іх было прынята канкрэтнае рашэнне.
Таксама ў рамках сустрэчы адбылося выязное пасяджэнне суда, якое правёў старшыня суда Дзятлаўскага раёна Сяргей Сёмуха. Вырашалася пытанне аб накіраванні ў ЛПП работніцы мясцовай гаспадаркі, якая дапускала прагулы з-за злоўжывання спіртнымі напоямі.
Праграму семінару завершыў сельскі сход з удзелам суб’ектаў прафілактыкі, старшыні Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага, старшыні Парэцкага сельвыканкама Аляксандра Ядэйкі. У час сходу былі абмеркаваны праблемы, на якія жыхарам варта скіроўваць увагу: рост колькасці пажараў, спраўнасць газавых прыбораў, клопат аб адзінокіх грамадзянах, барацьба з п’янствам і правапарушэннямі і іншыя. Ва ўрачыстай абстаноўцы граматамі і памятнымі падарункамі былі адзначаны людзі, якія на працягу многіх гадоў вынікова вырашаюць пытанні прафілактыкі ў сваіх населеных пунктах, – стараста вёскі Парэчча Іван Грэсь, стараста вёскі Разважжа Марыя Яфімчык, дэпутат Парэцкага сельсавета Алена Сіўко.
Некалькі хвілін адпачынку прысутным падарылі ўдзельнікі валанцёрскага атрада “Рука дапамогі” і народнага хора ветэранаў працы “Ветэраны ў страі”, якія падрыхтавалі яркую канцэртную праграму.
Рахункуючы вынікі семінару-нарады старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Анатоль Зімнавода падзякаваў Дзятлаўскаму раённаму выканаўчаму камітэту і раённаму Савету дэпутатаў за змястоўнае мерапрыемства і эфектыўную прафілактычную работу на працягу некалькіх гадоў, якую назваў “нефармальнай”. І патлумачыў, што спецыялісты адказных службаў Дзятлаўшчыны знаходзяць падыход да кожнага чалавека, дэталёва разглядаюць кожную сітуацыю, стараючыся ўбачыць усё да дробезяў. Анатоль Казіміравіч выказаў спадзяванне, што матэрыялы семінару стануць узорам работы і для іншых раёнаў, што дапаможа паспяхова правесці падрыхтоўку да ацяпляльнага сезона 2018 года і актывізаваць прафілактычную дзейнасць у цэлым.
Ірына СТЫРНІК