“Спорт, здароўе і закон” – пад такой назвай стартаваў 15 жніўня ў Дзятлаве моладзевы праект пад эгідай пракуратуры Гродзенскай вобласці, абласной камісіі па справах непаўналетніх і іншых зацікаўленых органаў.
Асноўныя яго задачы — арганізацыя занятасці падлеткаў у час канікулаў, прафілактыка правапарушэнняў, удасканаленне фізкультурна-аздараўленчай работы з непаўналетнімі, прывіццё дзецям здаровага ладу жыцця.
Ва ўрачыстым адкрыцці прынялі ўдзел пракурор Дзятлаўскага раёна Алег Вялічка, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Калодка, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Святлана Залучан, начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Біль, галоўны спецыяліст райвыканкама Дзмітрый Ёда.
Занальныя старты, як было адзначана на іх урачыстым адкрыцці, закліканы прыцягнуць непаўналетніх, якія стаяць на розных відах уліку, да актыўнай спартыўнай дзейнасці. На працягу года дзеці сумесна з супрацоўнікамі пракуратуры, органаў унутраных спраў, настаўнікамі актыўна трэніраваліся на спартыўных пляцоўках.
У склад праграмы ўвайшлі спаборніцтвы па міні-футболе, валейболе, стрытболе. Пераможцы па кожным з відаў спаборніцтваў паўдзельнічаюць у абласных фінальных спаборніцтвах, якія адбудуцца ў верасні ў Гродне.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ