Сорак сезонаў хлебароба

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі Эканоміка і сельская гаспадарка

Сёлета механізатар КСУП “Хвінявічы” Анатоль Лаўнік адзначае свой 60-гадовы юбілей, 40 з якіх аддадзена хлебаробнай справе.

Ёсць такая прафесія – працаваць на зямлі і рабіць гэта з любоўю. І ўзрост тут не мае значэння. Галоўнае – з павагай адносіцца да зямлі. Калі разумееш гэта, калі памятаеш і захоўваеш традыцыі былых пакаленняў – будзеш сапраўдным земляробам.

Добра ўсвядоміў гэтую простую ісціну механізатар КСУП “Хвінявічы” Анатоль Лаўнік. Яго імя называюць сёння сярод лепшых імёнаў працаўнікоў гаспадаркі.

Любіць зямлю, старанна працаваць на ёй вучыўся Анатоль Лаўнік у сваіх бацькоў. Нарадзіўся ён у вёсцы Хвінявічы Дзятлаўскага раёна.

Пасля заканчэння Хвінявіцкай васьмігадовай школы паступіў у Казлоўшчынскае сельскагаспадарчае вучылішча, дзе атрымаў дыплом трактарыста-машыніста шырокага профілю. Хутка быў прызваны на службу ў армію, якая на два гады стала для юнака добрай школай жыцця, сталення.

Пасля дэмабілізацыі ўладкаваўся ў мясцовы калгас і застаўся тут на ўсё жыццё. Стварыў сям’ю: разам з жонкай выгадавалі сына і дачку, ужо маюць трох унучак. Пачынаў сваю працоўную дзейнасць Анатоль Браніслававіч трактарыстам. Сёння ён – вопытны камбайнер, сапраўдны майстар хлебнай справы.

Працоўны дзень, як і ў любога аграрыя, часцей за ўсё ненарміраваны. Але на ўсе гэтыя нюансы мужчына глядзіць з аптымізмам: трэба, значыць трэба.

– Лёгкага хлеба нідзе не бывае. Мяне тут усё задавальняе, абавязкі свае добра ведаю, а калі ведаеш сваю работу, ніякіх цяжкасцей, па-мойму, узнікаць не павінна, – дзеліцца сваімі разважаннямі Анатоль Браніслававіч. – Работы рознай хапае. Найчасцей яна не з самых лёгкіх. Але нічога мяняць не хачу. Шчыра кажучы, і думкі такой не ўзнікала. А навошта нешта змяняць, шукаць лепшага? Работа ёсць. Прыйшоў – і працуй на здароўе.

Абавязкі, як і ва ўсіх – нічога асаблівага і звышпатрабавальнага: ворыва, сяўба, жніво, нарыхтоўка кармоў – усё, з чаго складаецца звычайны аграрны дзень.

Да даручанай справы  Анатоль Браніслававіч  адносіцца з адказнасцю, усведамленнем важнасці таго, што робіць. Ва ўсім ён любіць дысцыпліну, парадак і толк.

Нягледзячы на тое, што за плячыма працавітага хлебароба шматгадовы вопыт, неабходныя веды і адпрацаваныя навыкі, кожны аграрны працэс Анатоль Лаўнік пачынае з асаблівым хваляваннем.

На пытанне, чым выкліканы інтарэс да тэхнікі, Анатоль Браніслававіч перад тым, як адказаць, перш-наперш узгадвае, як хлапчуком цікавіўся трактарамі і агрэгатамі, як вабіў яго звон металічнага ключа і гайкі. Як і для большасці равеснікаў, яму было за шчасце апынуцца за рулём трактара ці грузавіка. З цягам часу мара стала  рэчаіснасцю.

У спагадлівых і клапатлівых руках  гаспадара на працягу доўгіх гадоў верай і праўдай служыць тэхніка, якую сам Анатоль Лаўнік з усмешкай называе “мае жалезныя сябры”. З імі Анатоль Браніслававіч амаль не расстаецца. З пачаткам любога аграрнага этапу тэхніка ў працавітага механізатара заўсёды гатовая. У руках майстра нават трактар МТЗ-2522, які даўно планавалася адпусціць на заслужаны адпачынак, працуе без збояў. Падрыхтоўваючы тэхніку да сезона, Анатоль Лаўнік па-гаспадарску адносіцца да справы: клапатліва падбірае кожны вінцік, правярае вузлы, начышчае і наладжвае агрэгаты. Тлумачыць гэта адказны механізатар тым, што клапаціцца пра тэхніку неабходна, як пра сваю ўласную, тады яна не падвядзе.

– За любую даручаную справу Анатоль Браніслававіч бярэцца з адказнасцю і ахвотай, усё імкнецца зрабіць “на выдатна” і своечасова, – сцвярджае кіраўнік КСУП “Хвінявічы” Мікалай Бубноўскі. – Любая сельскагаспадарчая работа патрабуе дакладнай арганізацыі, асабліва ў час жніва. Таму  самую адказную працу даручаем дасведчаным камбайнерам. Анатоль Лаўнік у нашай гаспадарцы – работнік на вагу золата. Умее працаваць, свой багаты вопыт за сямю пячаткамі не трымае, заўсёды гатовы падзяліцца ім, прыйсці на дапамогу. Працуе старанна, з энтузіязмам і ведае, што жніво – напружаны час – аснова будучага дастатку гаспадаркі.

Старанне рупліўца без увагі не застаецца. За працяглы перыяд адказнай і самаадданай працы Анатоль Лаўнік адзначаны Ганаровымі граматамі, Падзячнымі лістамі за вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, за актыўны ўдзел у раённых спаборніцтвах сярод аграрыяў.

У складзе працоўных дасягненняў першых гадоў працы – ордэн працоўнай славы III ступені (1986 год), у 1990 годзе ён прызнаны ўдарнікам XII пяцігодкі. У працоўным багажы дасягненняў апошніх гадоў – дыпломы I ступені (2010 год) і III ступені (2008 год) за ўдзел у раённых спаборніцтвах сярод механізатараў, задзейнічаных на ворыве і жніве.

У 2009 годзе імя Анатоля Лаўніка было занесена на раённую Дошку гонару.

У вольны час, якога з-за напружанага працоўнага графіка не так шмат, Анатоль Лаўнік займаецца ўласнай сядзібай.

– Усё стараюся  зрабіць сваімі рукамі, дбайна, не спяшаючыся, — гаворыць механізатар. – Вядома, мяне падтрымліваюць жонка, сын, унучкі. Напэўна, у гэтым і заключаецца маё асабістае шчасце!

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

 

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *