Наш зямляк, удзельнік раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” Віталь Крэйдзіч, пабыў на адкрытым абласным турніры “Гродна-Прэміум” па тэнісе для невідушчых са статусам міжнароднага, які праходзіў у абласным цэнтры.
За перамогу ў спартыўных баталіях тры дні змагаліся 25 мужчын і 14 жанчын з Гродна, Мінска, Брэста, Віцебска, Гомеля, Навагрудка, Дзятлава, Ваўкавыска, Маладзечна, Слуцка, Калінінграда.
– Для мяне гэта быў першы турнір па шоўдаўне, – дзеліцца ўражаннямі Віталь Крэйдзіч. – Мяркую, што прайшоў іспыт я някепска, хоць і не трапіў у паўфінал. Справа ў тым, што давялося згуляць з моцным іграком, другой ракеткай Беларусі 2017 года па шоўдаўне Ігарам Сугакам.
Але для мяне галоўнай была не перамога, а ўдзел. Я толькі пачынаю гуляць у тэніс для невідушчых, і мне важна выпрацаваць навыкі гульні, зразумець памылкі, якія раблю.
Варта зазначыць, што ў Гродне сабраліся сур’ёзныя ігракі. Нават першай ракетцы Беларусі Сяргею Шкібелю давялося папацець, аднак аспрэчыць яго лідарства на працягу спаборніцтваў не ўдалося. Перамагчы Сяргея ў гульні здолеў толькі Уладзімір Літвінаў з Віцебска, гэта дапамагло яму завяршыць турнір з трэцім вынікам сярод мужчын.
Мне сустрэча спадабалася, гуляў я з вялікай ахвотай і азартам, збіраюся і надалей прадоўжыць займацца шоўдаўнам, прымаць удзел у падобных турнірах. Тэніс для сляпых цікавы і адносна бяспечны. Калі гуляць правільна і карыстацца абавязковай пальчаткай для абароны рукі, нічога дрэннага не павінна здарыцца. Невялікі пластыкавы мяч для шоўдаўна змяшчае ўсярэдзіне металічныя шарыкі, якія ствараюць эфект званочка і дазваляюць сляпому вызначаць яго месцазнаходжанне. У арсенале ігракоў таксама ёсць чорныя акуляры і драўляныя выцягнутыя ракеткі. Мяч не лятае, а коціцца па стале, яго трэба закаціць у спецыяльную лузу на палове саперніка, за што можна атрымаць два ачкі. Каб мяч не выкаціўся, стол мае борт. Замест сеткі ў сярэдзіне стала ўсталяваны экран, пад якім і трэба правесці мяч. Экран выконвае і ахоўную функцыю, калі ў запале гульні сапернік не разлічыць удар.
На жаль, у Дзятлаве няма ўсяго пералічанага абсталявання, і на трэніроўкі я ездзіў у Гродна. Моладзь нашага раёна пакуль не праяўляе цікавасці да шоўдаўна, а гэта выдатная гульня і магчымасць сустрэцца з новымі сябрамі.
На турніры ў Гродне панавала цёплая атмасфера. Толькі ў час гульні мы былі сапернікамі, а канчалася спаборніцтва – ішлі разам піць каву, спяваць песні пад гітару, па-сяброўску размаўляць. Ігар Сугака, дарэчы, патлумачыў мне, чаму ён перамог, якія памылкі былі ў мяне, на што варта звяртаць увагу ў далейшым.
Карыстаючыся магчымасцю, хачу звярнуцца да невідушчых людзей. Ведайце: жыццё і спорт існуюць і для нас, проста трэба падняць вышэй галаву і ісці наперад. Тады знойдуцца добрыя людзі, цікавы занятак, работа і нават другая палавінка. Абмежаванняў для нас не існуе, калі ёсць ахвота чаго-небудзь дабіцца. Асабіста я тры месяцы запар ездзіў трэніравацца ў Гродна, жыў там у сябра па некалькі дзён. Вельмі ўдзячны за чуласць і дапамогу ў час такіх падарожжаў вадзіцелю Васілю Жыху. Прыемна было, што, прыехаўшы ў абласны цэнтр, ён абавязкова праводзіў мяне да патрэбнага тралейбуса, чакаў, калі я спазняўся на яго аўтобус, а калі мы прыязджалі на Дзятлаўшчыну, выходзіў, каб дапамагчы мне зарыентавацца ў прасторы, паказаць накірунак. Дзякую яму за чалавечнасць і імкненне дапамагчы.
Ірына КАЎКЕЛЬ