Жнівеньская канферэнцыя – асаблівая педагагічная традыцыя. Штогод на ёй прысутнічаюць педагогі, неабыякавыя да сістэмы адукацыі.
Юныя журналісты – навучэнцы факультатыва “Уводзіны ў педагагічную прафесію” задалі пытанні педагогам раёна.
– Якую вы бачыце школу будучыні? Якія б унеслі змены?
Станіслаў Фабішэўскі, старшыня раённай арганізацыі беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі:
– Школа будучыні, на мой погляд, без сшыткаў, без кніжак. Іх замяняюць ноўтбукі, планшэты, мабільныя тэлефоны, мінімум хатняга задання школьнікам. Развіццё і развіццё.
Наталля Шэршань, педагог-дэфектолаг сярэдняй школы №3 горада Дзятлава:
– Школа будучыні – гэта праца з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Больш згуртавана, усе разам, не вылучаючы іх, каб яны не адрозніваліся ад іншых.
Уладзімір Жынко, дырэктар Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы:
– Школа будучыні – гэта супрацоўніцтва настаўнікаў з вучнямі, калі настаўнікі не вучаць, а дапамагаюць атрымліваць веды.
– Ці важна настаўніку для сучасных дзяцей быць яшчэ і сябрам?
Наталля Каско, метадыст Дзятлаўскага раённага аддзела адукацыі:
– Важна. Тады дзіця раскрываецца, і яму лягчэй вучыцца.
– Добры педагог – гэта выпускнік з дыпломам аб вышэйшай адукацыі або чалавек, які любіць дзяцей і гатовы вучыць і вучыцца разам з ім?
Алена Жадзейка, намеснік начальніка Дзятлаўскага раённага аддзела адукацыі:
– Лічу, што гэта чалавек, які любіць дзяцей і гатовы вучыцца разам з імі. Астатняе – гэта любоў да дзяцей. Цяпер я хачу, каб мае педагогі былі лепшыя за іншых педагогаў раёна і каб наш раён быў не горшы за іншыя раёны вобласці. Таму гэта і ёсць стымул – быць лепшым і развівацца самому.
– Што трэба маладому настаўніку, каб заваяваць аўтарытэт сярод адміністрацыі і калег?
Ганна Урбановіч, настаўніца матэматыкі гімназіі №1 горада Дзятлава:
– Па-першае, для таго каб пайсці працаваць настаўнікам, трэба любіць дзяцей. Па-другое, трэба не баяцца цяжкасцяў. Таму што ў гэтай прафесіі трэба працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць. І калі любоў спалучаецца з працавітасцю і тваёй адказнасцю, то ў цябе заўсёды ўсё атрымаецца.
Ганна Франюк, дырэктар Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы:
– Я лічу, у першую чаргу трэба, каб адміністрацыя разумела маладога спецыяліста. Ну і малады настаўнік павінен быць мэтанакіраваны, адказны і дысцыплінаваны. І менавіта тады адміністрацыя пойдзе яму на дапамогу.
– Як вы лічыце, якую дадатковую адукацыю, акрамя асноўнай, варта атрымаць настаўніку для таго, каб стаць паспяховым у сваёй прафесіі? Што б вы пажадалі сваім калегам у новым навучальным годзе?
Іван Кібінь, дырэктар сярэдняй школы №3 горада Дзятлава:
– Лепш за ўсё – самаадукацыя. Чытай, што табе цікава – і ў цябе ўсё атрымаецца. Хачу пажадаць усім педагогам актыўнасці, творчасці і жадання знаходзіць у дзіцяці самае лепшае, самае каштоўнае – гэта веды і поспехі, трэба дапамагчы яму раскрыцца – і ўсё атрымаецца.
Наталля Тамашова, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы:
– Я лічу, што ў свеце сучасных патрабаванняў настаўнік – гэта на ўсе рукі майстар і, вядома ж, павінен пастаянна прафесійна ўдасканальвацца. Атрымаць дадатковую прафесію не перашкодзіць. Усім калегам жадаю моцнага здароўя, імкнення наперад, усялякіх поспехаў і перамог.
Марына Лашкоўская, дырэктар Наваельнянскай сярэдняй школы:
– Ёсць такая адукацыя, як самаадукацыя – гэта, напэўна, тая база, тая аснова, якая дае педагогу быць запатрабаваным, сучасным. Творчых поспехаў, здароўя, нестандартнага падыходу да вырашэння пастаўленых задач і, вядома ж, міру і дабра жадаю сваім калегам.
Алена Лазоўская, загадчыца яслі-сада №1 горада Дзятлава:
– Вядома, добра было б яшчэ і мець адукацыю псіхолага, а менавіта ў дашкольнай установе вельмі выдатна, калі была б адукацыя настаўнік-дэфектолаг. Калегам – упэўненасці ў заўтрашнім дні, каб вочы блішчалі ад таго, што, прыходзячы ў дзіцячы сад, ты бачыш радасныя ўсмешкі дзяцей. Ад гэтага становіцца на душы цяплей. Вядома ж, жадаю ім здароўя, творчасці, быць заўсёды вясёлымі, упэўненымі ў сабе і такімі ж аптымістамі, якімі мы з’яўляемся. Толькі з такім настроем можна ісці да нашых дзяцей.
Святлана УРБАН, Святлана САЛАЎЁВА,
педагогі сярэдняй школы №3 горада Дзятлава